Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак ухваліў нормы для капітула базылікі св. Пятра

28 жніўня 2021 г. Папа зацвердзіў пераходныя нормы для капітула ватыканскай базылікі св. Пятра. Яны ўвойдуць у сілу 1 кастрычніка 2021 г. і стануць часткай рэформы гэтай тысячагадовай структуры.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Мэта новаўвядзенняў заключаецца ў тым, каб даць імпульс клопату пра літургічнае і душпастырскае жыццё ў базыліцы, які канонікі дагэтуль ажыццяўлялі пераважна ў нядзелі і святочныя дні.

Новыя нормы між іншым тычацца ганарараў, якія атрымліваюць канонікі і памочнікі капітула. Цяпер яны не могуць быць аб’яднаны з іншымі фінансавымі паступленнямі за выкананне паслугаў у Рымскай курыі і структурах, звязаных з Апостальскай Сталіцай. Новаўвядзенні закранулі таксама ажыццяўленне эканамічнай дзейнасці, звязанай з Скарбніцай базылікі св. Пятра і продажам рэлігійных атрыбутаў. Цяпер усе гэтыя пытанні будуць знаходзіцца ў кампетэнцыі Фабрыкі св. Пятра. Капітул будзе надалей адказваць за захаванне і кіраванне маёмаснай і фінансавай спадчынай, якой цяпер валодае, і яе магчымы продаж.

Капітул базылікі св. Пятра складаецца са святароў, якіх Пантыфік прызначае канонікамі, і іх памочнікаў. Як структура ён узнік у 1053 г., калі папа Леў ІХ, фармалізаваў дзейнасць, што ажыццяўлялася ў базыліцы на працягу стагоддзяў, дзякуючы літургічнаму і малітоўнаму служэнню манахаў, якія прадстаўлялі розныя кляштары. З часоў пантыфікату Яўгенія IV (1145-1153) капітул паступова ператварыўся ў аўтаномную супольнасць, перайшоўшы ад манаскай структуры да аб’яднання канонікаў.

Дзейнасць капітула ад самага пачатку ахоплівае розныя сферы, ад літургічнай да кіравання маёмасцю базылікі і філіяльных храмаў, ад душпастырства да дабрачыннасці. У 2007 г. Бэнэдыкт XVI адзначаў, што на працягу апошніх дзесяцігоддзяў дзейнасць капітула паступова скіроўваецца да таго, каб нанава адкрыць яе “сапраўдныя першапачатковыя функцыі, якія заключаюцца, у першую чаргу, у малітоўным служэнні”.

 

28 жніўня 2021, 16:00