Арцыбіскуп Галахер у ААН: людзі прагнуць свету без ядзернай зброі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі заўважыў, што чалавецтва прагне ліквідацыі ядзернай зброі, а міжнародная супольнасць павінна працягваць прыкладаць намаганні, накіраваныя на вызваленне свету ад пагрозы ядзернай вайны.
Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў, што захаванню status quo і аддаленню чалавецтва ад ядзернага раззбраення садзейнічае палітыка ядзернага стрымлівання, якая вядзе да гонкі ўзбраенняў і ўмацоўвае недавер паміж краінамі. Ён нагадаў словы папы Яна ХХIII пра тое, што ў аснове міру ляжыць ўзаемны давер.
Ватыканскі дыпламат заклікаў да змяншэння выдаткаў на павелічэнне ядзерных арсеналаў і накіраваць фінансавыя сродкі на вырашэнне гуманітарных праблем і задавальненне “патрэбаў нашага супольнага дома”. “Як нагадаў папа Францішак у энцыкліцы Fratelli tutti, мэтай павінна быць накіраванне сродкаў, прызначаных на ваенныя мэты, у глабальны фонд падтрымкі развіцця найбольш бедных краін”, - сцвердзіў арцыбіскуп Галахер.
Іерарх высока адзначыў прыняцце 122 краінамі свету Дамовы аб забароне ядзернай зброі і заклікаў дзяржавы, якія яшчэ не далучыліся да яе, падпісаць гэта важнае пагадненне. Арцыбіскуп Галахер заахвоціў ядзерныя дзяржавы далучыцца да працэсу раззбраення на аснове Дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі.