Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Галахер у ААН: людзі прагнуць свету без ядзернай зброі

З нагоды Міжнароднага дня барацьбы за поўную ліквідацыю ядзернай зброі, які адзначаўся 26 верасня 2021 г., арцыбіскуп Пол Рычард Галахер выступіў на сустрэчы ў ААН, прысвечанай тэме ядзернага раззбраення.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі заўважыў, што чалавецтва прагне ліквідацыі ядзернай зброі, а міжнародная супольнасць павінна працягваць прыкладаць намаганні, накіраваныя на вызваленне свету ад пагрозы ядзернай вайны.

Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў, што захаванню status quo і аддаленню чалавецтва ад ядзернага раззбраення садзейнічае палітыка ядзернага стрымлівання, якая вядзе да гонкі ўзбраенняў і ўмацоўвае недавер паміж краінамі. Ён нагадаў словы папы Яна ХХIII пра тое, што ў аснове міру ляжыць ўзаемны давер.

Ватыканскі дыпламат заклікаў да змяншэння выдаткаў на павелічэнне ядзерных арсеналаў і накіраваць фінансавыя сродкі на вырашэнне гуманітарных праблем і задавальненне “патрэбаў нашага супольнага дома”. “Як нагадаў папа Францішак у энцыкліцы Fratelli tutti, мэтай павінна быць накіраванне сродкаў, прызначаных на ваенныя мэты, у глабальны фонд падтрымкі развіцця найбольш бедных краін”, - сцвердзіў арцыбіскуп Галахер.

Іерарх высока адзначыў прыняцце 122 краінамі свету Дамовы аб забароне ядзернай зброі і заклікаў дзяржавы, якія яшчэ не далучыліся да яе, падпісаць гэта важнае пагадненне. Арцыбіскуп Галахер заахвоціў ядзерныя дзяржавы далучыцца да працэсу раззбраення на аснове Дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі.
 

29 верасня 2021, 12:17