Сядзіба ватыканскага Губернатарату Сядзіба ватыканскага Губернатарату 

Новы кіраўнік Губернатарата Дзяржавы Ватыкан

Святы Айцец прызначыў біскупа Фернанда Вергеса Альсагу Старшынёй Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан і Старшынёй ватыканскага Губернатарата, надаючы яму тытул арцыбіскупа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прызначэнне, аб якім абвясцілі 8 верасня 2021 г., уступіць у сілу 1 кастрычніка 2021 г. У гэты дзень кардыналу Джузэпэ Бэртэле, які займаў дзве пасады, споўніцца 79 гадоў.

Фернанда Вергес Альсага пачаў працаваць у Апостальскай Сталіцы 1 жніўня 1972 г. – спачатку ў Кангрэгацыі інстытутаў кансэкраванага жыцця, а потым, у красавіку 1984 г., у Папскай радзе па справах свецкіх. У чэрвені 2004 г. член Кангрэгацыі Легіяністаў Хрыста стаў кіраўніком адной з секцый Аддзела інтэрнэту Святога Пасаду, а 10 студзеня 2008 г. – кіраўніком Ватыканскай дырэкцыі па электрасувязі – адной з некалькіх устаноў, што працуюць пры Губернатараце.

30 жніўня 2013 г. Францішак прызначыў біскупа Вергеса Альсагу Генеральным сакратаром Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, а 15 кастрычніка ўзвёў у сан біскупа. Праз месяц у ватыканскай базыліцы ён асабіста ўдзяліў іспанцу сакру.

арцыбіскуп Альсага з Францішкам
арцыбіскуп Альсага з Францішкам

Губернатарат Дзяржавы Ватыкан быў створаны пасля падпісання Латэранскіх пагадненняў паміж Святым Пасадам і італьянскім урадам 11 лютага 1929 г. з мэтай эфектыўнага кіравання новай дзяржавай у адміністрацыйных, тэхнічных і іншых пытаннях. На працягу гадоў яго структура пашыралася дзякуючы рашэнням чарговых Пантыфікаў. У цяперашні час тут дзейнічае 9 дырэкцый (у тым ліку бухгалтарскага ўліку, агульных паслуг, грамадзянскай бяспекі і аховы здароўя і гігіены) і 8 цэнтральных офісаў (у тым ліку па справах пілігрымаў і турыстаў, унутранага кантролю, Ватыканскіх садоў). Губернатарату падкантрольныя таксама іншыя ведамствы і ўстановы. Структура цесна супрацоўнічае з Папскай камісіяй па справах Ватыкана, якая з'яўляецца заканадаўчым органам дзяржавы. У цяперашні час тут працуюць каля 2 тыс. чалавек.
 

08 верасня 2021, 13:30