Падчас анлайн-нарады Рады кардыналаў Падчас анлайн-нарады Рады кардыналаў 

Папа абмеркаваў будучы Сінод Біскупаў з Радай кардыналаў

21 верасня 2021 г. адбылося пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы праекту рэформы Рымскай курыі. Сустрэча прайшла ў анлайн-фармаце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У ходзе нарады Францішак падзяліўся сваімі думкамі ў сувязі з набліжэннем адкрыцця дыяцэзіяльнай фазы Сінода Біскупаў аб сінадальнасці. Ён нагадаў пра дзве свае прамовы, якія былі вызначаны як галоўныя адносна тэмы будучага Сінода. Гаворка ідзе пра зварот, скіраваны ў 2015 г. з нагоды 50-годдзя з дня заснавання Сінода Біскупаў, а таксама пра прамову да вернікаў Рымскай дыяцэзіі ад 18 верасня 2021 г.

Папа патлумачыў, што мэта сінадальнай рэфлексіі заключаецца не ў тым, каб прааналізаваць тую ці іншую тэму, але, каб навучыцца ладу жыцця Касцёла, які на ўсіх узроўнях будзе пазначаны ўзаемным слуханнем і душпастырскім падыходам, асабліва перад абліччам спакус клерыкалізму і закамянеласці.

Выступленні розных кардыналаў тычыліся некаторых аспектаў, якія робяць сінадальнасць асабліва неабходнай на тэрыторыях, адкуль яны паходзяць, каб перамагчы падзелы і вузкія інтарэсы.

У нарадзе бралі ўдзел кардыналы: Оскар Радрыгес Марадзьяга з Гандураса, Рэйнхард Маркс з Германіі, Шон Патрык О’Мэйлі з ЗША, Освальд Грасіяс з Індыі, Фрыдалін Амбонга Бэзунгу з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, а таксама кардыналы П’етра Паралін, Джузэппэ Бэртэла і біскуп Марка Мэліна, Сакратар структуры, якія далучыліся да сустрэчы з Ватыкана. Папа ўдзельнічаў у працы групы праз відэаспалучэнне з Дома св. Марты.

Анлайн-сустрэча працягвалася каля дзвюх гадзін. Наступная запланава на снежань. Калі будуць спрыяльныя ўмовы яна адбудзецца з фізічнай прысутнасцю ўдзельнікаў Рады.
 

23 верасня 2021, 09:20