Святы Пасад паўдзельнічае ў IV Дні катакомбаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У Рыме і яго ваколіцах налічваецца больш за 60 катакомбаў агульнай працягласцю 150 км. Яны ў асноўным будаваліся ўздоўж консульскіх дарог, такіх як Апіева (Via Appia), Асційская (Via Ostiense), Лабіканская (Via Labicana), Цібурцінская (Via Tiburtina) і Наментанская (Via Nomentana).
У наш час гэтыя старажытныя падземныя хады з'яўляюцца папулярным турыстычным месцам. З усіх вядомых катакомбаў Рыма для наведвальнікаў адкрытыя толькі некалькі.
16 кастрычніка 2021 г. Папская камісія сакральнай археалогіі арганізуе адукацыйныя майстэрні і экскурсіі, у тым ліку для дзяцей і невідушчых, у катакомбах св. Себасцьяна, св. Марцэліна і Пятра, Прысцылы, Даміцылы.
Адмыслова да IV Дня катакомбаў адкрыюць, між іншым, катакомбы св. Тэклы, св. Лаўрэнція, музей і катакомбы Прэтэстата, музей Даміцылы і рэгіёна Фарнаі, катакомбы былога вінаградніка К'яравільё.
Уваход будзе бясплатным, але ёсць некалькі ўмоў – папярэдняе браніраванне, наяўнасць Green Pass і маскі.
Усю неабходную інфармацыю і праграму дня можна знайсці на сайтах www.giornatadellecatacombe.it і www.catacombeditalia.va.