Сястра Наталі Бэкар Сястра Наталі Бэкар 

Святы Пасад: сінадальнасць – гэта пераход ад “я” да “мы”

Сястра Наталі Бэкар, намесніца сакратара Сінода Біскупаў, першая жанчына з правам голасу ў гісторыі сінодаў, паўдзельнічала ў вэбінары аб сінадальнасці Касцёла, арганізаваным Кангрэсам каталічак і католікаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Законніца заўважыла, што сінадальнасць заключаецца ў пастаяннай хадзе разам, бо чалавек не можа прымаць рашэнне ў адзіночку без кансультацыі, святары павінны раіцца са свецкімі. “Сінадальнасць – гэта пераход ад “я” да “мы”. "Мы" ўсе ахрышчаны. Гэта самае кароткае вызначэнне сінадальнасці”, - адзначыла яна.

На думку Бэкар, “роля святароў і духавенства не зменіцца, калі гаворка ідзе пра структуру Касцёла”, важна змяніць іншае: “яны павінны пачаць прыслухоўвацца да людзей у Касцёле”.

“Трэба па-новаму адкрыць Касцёл, аб якім ішла гаворка на Другім Ватыканскім Саборы. Сітуацыя мясцовага Касцёла ў кожнай краіне розная. Гаворка ідзе не пра тое, каб ісці слепа, а пра распазнанне добрага шляху для свайго Касцёла, разуменне, што будзе добра для мясцовага Касцёла, што можа натхніць”, - сказала яна, каментуючы ініцыятыву Сінадальны шлях у Германіі.

Абмяркоўваючы пытанне голасу жанчын на Сінодзе, яна падкрэсліла відавочнасць факту, што сёння ў Касцёле існуе стаўленне, згодна з якім кожны голас важны і кожны вернік карысны. Намесніца сакратара Сінода Біскупаў спаслалася на перадсінадальны Падрыхтоўчы дакумент, які мае шмат канкрэтыкі ў гэтым пытанні.
 

16 верасня 2021, 12:38