Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Тарніелі: новы позірк на споведзь, сакрамэнт радасці

Споведзь – гэта “сакрамэнт радасці”. Больш за тое, ён з’яўляецца “святам” на небе і на зямлі, - нагадаў словы Францішка галоўны рэдактар СМІ Апостальскай Сталіцы Андрэа Тарніелі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“У аўторак 14 верасня на стадыёне ў Кашыцах папа Францішак здавалася зазірнуў у вочы кожнаму юнаку і дзяўчыне, якія сабраліся на сустрэчы з ім, запрашаючы іх па-новаму перажываць сакрамэнт споведзі. Тое, што сказаў Наступнік св. Пятра, прынесла суцяшэнне не толькі прысутным, але ўсім, хто глядзеў сустрэчу па тэлебачанні або ў інтэрнэце, ці проста прачытаў папскую прамову”, - лічыць Тарніелі.

На яго думку, Францішак прапанаваў “цалкам іншы позірк на споведзь, адносна таго, як перажываюць яе шматлікія хрысціяне і пэўнай гістарычнай спадчыны”. Папа ўказаў на споведзь, як на “лек”, патрэбны ў тыя жыццёвыя моманты, калі мы “падаем духам”, і заклікаў паставіць у цэнтр гэтага сакрамэнту не грахі, а Бога.

“Хрысціянскае жыццё – казаў Францішак два дні раней у Будапешце – пачынаецца з кроку назад, з прыбрання сябе з цэнтру жыцця, каб зрабіць месца для Бога. Такі самы крытэрый, такі самы позірк на споведзь можа выклікаць невялікую, але вельмі важную каперніканскую рэвалюцыю ў жыцці кожнага чалавека: у цэнтры сакрамэнту споведзі ўжо знаходжуся не я, скораны, са спісам грахоў – можа заўсёды тых самых, – пра якія трэба будзе распавесці святару. У цэнтры знаходзіцца сустрэча з Богам, які вітае, абдымае, прабачае і ўздымае”, - заўважыў Тарніелі.

Ён нагадаў словы Папы пра тое, што да споведзі трэба ісці “як дзеці, што бягуць у абдымкі Айца”, таму што “Бог прабачае заўсёды”. “Мы не ідзём да суддзі, каб зводзіць рахункі, але “да Езуса, які мяне любіць і аздараўляе” і тады споведзь становіцца “сакрамэнтам радасці”.

“Тым, хто дагэтуль не можа сябе прабачыць, думаючы, што гэта не пад сілу нават Богу, “бо заўсёды буду чыніць тыя самыя грахі”, Францішак кажа: “Калі Бог крыўдзіцца? Калі папросіш у Яго прабачэння? – Не, ніколі! Бог пакутуе, калі мы думаем, што Ён не можа прабачыць нам, бо гэта нібыта мы кажам: “Ты слабы ў любові!”... Бог кожны раз радуецца, калі прабачае нам”, - нагадаў словы Папы галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

“Ад сораму да святкавання, ад пакоры да радасці. Гаворка не ідзе пра Францішка, але пра Евангелле, у якім мы чытаем пра айца, які з хваляваннем чакае свайго грэшнага сына, нястомна ўглядаючыся ў гарызонт, і яшчэ да таго, як той знайшоў час, каб скрыцца, скрупулёзна вызнаючы свае правіны, ён абдымае яго, уздымае і ладзіць свята з ім і для яго”, - падсумаваў Тарніелі ў сваёй калонцы на Vatican News.
 

17 верасня 2021, 09:56