Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканска-ізраільскія адносіны: ўзаемная змена дыпламатаў

20 верасня 2021 г. пасол Ізраіля пры Святым Пасадзе Арэн Давід развітаўся з Францішкам. Дыпламат быў прадстаўніком ізраільскага ўрада з 2016 г.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У чэрвені новы ўрад прэм'ер-міністра Нафталі Бэнэта прызначыў 63-гадовага Рафаэля Шутца новым прадстаўніком пры Святым Пасадзе. Раней ён быў паслом Ізраіля ў Нарвегіі, Іспаніі і Калумбіі.

Падчас дыпламатычнай місіі Арэна Давіда, між іншым, тагачасным Прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам было прынята рашэнне аб пераносе пасольства Злучаных Штатаў з Тэль-Авіва ў Іерусалім.

Святы Пасад крытычна ацэньвае такія аднабаковыя крокі насуперак міжнароднаму праву, а таксама планы былога ізраільскага ўрада далучыць часткі Заходняга берага.

У Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту ў канцы студзеня Давід распачаў анлайн-кампанію супраць антысемітызму. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі іншых краін пры Святым Пасадзе.

Афіцыйныя ватыканска-ізраільскія адносіны існуюць з 1994 г. У пачатку чэрвеня Францішак прызначыў 73-гадовага філіпінскага арцыбіскупа Адольфа Ціта Ілану новым нунцыем у Ізраілі і апостальскім дэлегатам у Іерусаліме і Палестыне. З прычыны супярэчлівага міжнароднага статусу Іерусаліма і Палестынскай аўтаноміі арцыбіскуп Ілана прадстаўляе Пантыфіка і Святы Пасад толькі ў структурах мясцовага Касцёла. Іерарх нядаўна ўручыў свае даверчыя граматы. Афіцыйная інаўгурацыя яго місіі адбудзецца 30 верасня 2021 г. у базыліцы Гроба Пана.
 

22 верасня 2021, 11:55