Папа Ян Павел І будзе беатыфікаваны
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Святы Айцец ухваліў два дэкрэты аб пацвярджэнні цудаў. Першы тычыўся Слугі Божага Яна Паўла І (Альбіна Лучані), Папы, які нарадзіўся ў 1912 г. у Канале Д’Агарда ў Італіі і памёр у 1978 г. у Ватыкане. Былы біскуп Віторыа Вэнэта, а потым Патрыярх Венецыі, яго пантыфікат быў адным з самых кароткіх у гісторыі і працягваўся ўсяго 33 дні.
Другі дэкрэт аб прызнанні цуду, тычыўся калумбійскай манахіні, с. Марыі Бэрэніс Дзюке Хенкер (свецкае імя Анна Хулія), заснавальніцы кангрэгацыі Малых Сясцёр Звеставання, якая нарадзілася ў 1898 г. і памерла ў 1993 г.
Таксама асобным дэкрэтам была пацверджана мучаніцкая смерць двух місіянераў, якія былі забіты з нянавісці да веры ў 1683 г. у Аргентыне: дыяцэзіяльнага святара, кс. Пэдра Артыса дэ Саратэ, і езуіта, кс. Джаванні Антоніа Салінаса.
Чатыры дэкрэты, ухваленыя Францішкам, тычацца прызнання гераічнасці цнотаў. Гаворка ідзе пра іспанскага дыяцэзіяльнага святара, кс. Дыега Эрнандеса Гансалеса (1915-1976); італьянскага францішканіна, а. Джузэпэ Спалецыні (1870-1951); французскую манахіню, с. Магдалену ад Езуса (свецкае імя Элізабэт Мары Мадлен Ютэн (1898-1989)); а таксама італьянскую манахіню, с. Элізабэту Марцінэс (1905-1991), заснальніцу кангрэгацыі Дачок Найвяцейшай Марыі з Леўкі.