Кард. Сандры адправіцца ў Сірыю на знак салідарнасці Папы
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Падарожжа адбудзецца “па благаслаўленні Святога Айца і ў каардынацыі з Апостальскай нунцыятурай у Дамаску з жаданнем выказаць блізкасць і салідарнасць Папы каталіцкім супольнасцям Сірыі, змучаным вайной, якія патрабуюць моманту распазнання і перагляду душпастырскай дзейнасці”, - гаворыцца ў паведамленні Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў. Пілігрымка планавалася на красавік 2020 г., але была адкладзена ў сувязі з пандэміяй.
Першым этапам візіту стане сталіца краіны – горад Дамаск. Тут кард. Сандры прыме ўдзел у пасяджэнні Асамблеі каталіцкіх іерархаў у Сірыі і будзе канцэлебраваць Боскую літургіію разам з грэка-мельхіцкім Патрыярхам Антыёхіі Юсэфам Абсі. Затым ён сустрэнецца з сірыйскім духавенствам, наведае шэраг дабрачынных і медыцынскіх структур: Caritas, Таварыства св. Вінцэнта дэ Поля, Прытулак для сіротаў у гонар св. Паўла, каталіцкі дыспансер у сталічным прадмесці Кашкуль, італьянскі і французскі шпіталь. Іерарх адведае супольнасць салезіянаў, сядзібы Сірыйскай, Халдэйскай і Армянскай Цэркваў, правядзе сустрэчу з законнікамі Дамаска і паўднёвай часткі Сірыі, якая адбудзецца ля мемарыяла св. Паўла, а таксама з некаторымі дыпламатамі, акрэдытаванымі ў гэтай блізкаўсходняй краіне.
Наступнымі этапамі пілігрымкі стануць Тартус і Хомс, дзе кард. Сандры наведае сірыйскія, мараніцкія і мельхіцкія супольнасці, праваслаўныя саборы, будзе цэлебраваць Боскую літургію і памоліцца ля магілы кс. Франса Ван Дэр Люгта – галандскага езуіта і місіянера, які ў час баёў за Хомс у 2014 г. адмовіўся пакідаць горад, застаючыся побач са сваёй паствай, і быў расстраляны тэрарыстамі.
Прэфект наведае таксама Алепа, дзе ўзначаліць св. Імшу ў лацінскім абрадзе, сустрэнецца з законнікамі і кіраўніцтвам дабрачынных структур, мясцовым духавенствам, прыме ўдзел у экуменічнай малітве і міжрэлігійнай сустрэчы. Пасля кароткай малітвы ў кожным з каталіцкіх катэдральных касцёлаў горада (а ў якім ёсць епіскапы для католікаў мараніцкага, мельхіцкага, сірыйскага, армянскага, халдэйскага і лацінскага абрадаў) кард. Сандры наведае Ябруд і Маалулу, пасля чаго вернецца ў Дамаск, адкуль накіруецца ў Рым.