Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардыналы пра экуменічнае вымярэнне сінадальнага працэсу

Кардыналы Курт Кох і Марыё Грэк скіравалі ліст да біскупаў, адказных у біскупскіх канферэнцыях лацінскага абраду і сінодах Каталіцкіх Усходніх Цэркваў за экуменічныя кантакты.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і Генеральны сакратар Сінода Біскупаў спаслаліся на сінадальны Vademecum, у якім сцвярджаецца, што дыялог паміж хрысціянамі розных канфесій, злучаных адзіным хростам, займае асаблівае месца ў сінадальным працэсе.

Іерархі звярнулі ўвагу на тое, што і сінадальнасць, і экуменізм з’яўляюцца “сумесным шляхам”. Яны падкрэслілі, што экуменізм можа разумецца як “абмен дарамі”, а “адным з дароў, які католікі могуць атрымаць ад іншых хрысціян, з’яўляецца менавіта досвед разумення сінадальнасці”.

Кардыналы прапанавалі біскупам паінфармаваць пра сінадальны працэс лідараў галоўных хрысціянскіх супольнасцей, прысутных на тэрыторыі іх дыяцэзій, і запрасіць іх прызначыць дэлегатаў, якія бралі б удзел у дыяцэзіяльных перадсінадальных сустрэчах, а таксама маглі б браць слова падчас дыяцэзіяльнага сінадальнага сходу.

Прапануецца таксама заахвоціць прадстаўнікоў іншых канфесій да напісання разважанняў адносна тэм, якія ўтрымліваюцца ў падрыхтоўчым дакуменце Сінода Біскупаў аб сінадальнасці. У выніковым дакуменце дыяцэзіяльных сінадальных сустрэч можа ўтрымліваецца абагульненне гэтых тэкстаў.

Кардыналы Кох і Грэк выказалі пажаданне, каб “экуменічнае вымярэнне сінадальнага працэсу падтрымлівала як сінадальнасць, так і адзінства паміж хрысціянамі, каб паверыў свет”.
 

30 кастрычніка 2021, 08:56