Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Апостальская Сталіца прадстаўлена на EXPO 2020 у Дубаі

Святы Пасад прымае ўдзел у Сусветнай выставе EXPO 2020, якая з 1 кастрычніка 2021 г. па 31 сакавіка 2021 г. праходзіць у Дубаі. Святы Пасад прадстаўлены на ёй асобным павільёнам.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Павільён жадае быць месцам сустрэчы паміж эстэтыкай, навукай і верай пад знакам братэрства і міжкультурнага і міжрэлігійнага дыялогу. Яго сімваламі сталі дзве гістарычныя сустрэчы: паміж св. Францішкам і султанам Малікам Аль-Камілем: што адбылася 800 гадоў таму, і сустрэча паміж папам Францішкам і Вялікім імамам Аль-Азхар Ахмадам Аль-Таебам, што адбылася 4 лютага 2019 г. у Абу-Дабі”, - гаворыцца ў паведамленні Папскай рады па культуры.

Удзел Апостальскай Сталіцы ў EXPO 2020 у Дубаі падкрэслівае жаданне Святога Айца даць працяг Дэкларацыі аб братэрстве і суіснаванні паміж людзьмі. Нягледзячы на пандэмію і эканамічны крызіс было прынята рашэнне ўдзельнічаць у выставе таксама таму, што яна ўпершыню праходзіць у краіне Блізкага Усходу, большасць насельніцтва якога складаюць мусульмане.

Тэма ватыканскага павільёну – Deepening the Connection (Паглыбляючы лучнасць). Яна падкрэслівае патрэбу ў будаванні ўсё больш і больш салідарных адносін паміж народамі, культурамі, веравызнаннямі і ўключаецца ў рамкі агульнай тэмы выставы: Connecting minds, Creating the Future (Аб’ядноўваючы розумы, ствараючы будучыню).

Кампазіцыя павільёна была распрацавана мансеньёрам Томашам Трафным і архітэктарам Джузэпэ Дзі Ніколам. Яна ўключае ў сябе рэпрадукцыю фрэскі Джота “Св. Францішак сустракаецца з султанам”, якая знаходзіцца ў Асізскай базыліцы, відэа-інсталяцыю і спецыяльнае выданне Дэкларацыі аб братэрстве, падрыхтаванае Ватыканскім выдавецтвам на англійскай і арабскай мовах з уводнымі тэкстамі папы Францішка і шэйха Мухамеда ібн Рашыда Аль Мактума, эміра Дубая. Акрамя таго ў ватыканскім павільёне прадстаўлена рэпрадукцыя фрэскі Мікеланджэла “Стварэнне Адама” з Сікстынскай капэлы, лічбавая версія Вежы вятроў Апостальскага палацу – першай ватыканскай абсерваторыі – рэалізаваная кампаніяй NTT Data, і некалькі відаў уніформы Папскай швейцарскай гвардыі.

У экспазіцыі прадстаўлены таксама некалькі важных манускрыптаў з Ватыканскай апостальскай бібліятэкі, якія тычацца адносін з арабскім светам і ўвядзеннем Грыгарыянскага календара.

Паведамляецца, што 19 сакавіка 2021 г. на Сусветнай выставе EXPO 2020 у Дубае пройдзе Дзень Апостальскай Сталіцы, у якім прыме ўдзел кардынал Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры. Акрамя таго, у працэсе падрыхтоўкі знаходзіцца адмысловы аплет, які дапаможа пазнаёміцца з ватыканскім павільёнам тым, хто не зможа наведаць выставу ў Дубаі.
 

01 кастрычніка 2021, 12:00