Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тэолаг: Сінод – самая важная касцёльная падзея з часоў Сабора

Самай важнай падзеяй у жыцці Касцёла з часоў Другога Ватыканскага Сабора назваў Сінод Біскупаў, мансеньёр П’ера Кода, Генеральны сакратар Міжнароднай тэалагічнай камісіі і член Тэалагічнай камісіі Сінода.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

На працягу некалькіх апошніх дзён Святы Айцец шматразова звяртаў увагу на той факт, што Сінод – гэта не парламент, не вывучэнне грамадскай думкі, не палітычны кангрэс ці сход даследчыкаў, але “падзея ласкі” і “працэс аздараўлення пад кіраўніцтвам Духа”.

Заахвочванне да сінадальнасці і больш шырокага ўдзелу ў Сінодзе не з’яўляецца “выбарам на карысць дэмакратызацыі”, дзе ўсё вырашае большасць, але імкненнем дазволіць Святому Духу стварыць з адметнасцяў гармонію, згоду, “сімфонію”, каб служылі свету, - перакананы мансеньёр Кода.

На думку тэолага, Сінод Біскупаў аб сінадальнасці з’яўляецца самай важнай касцёльнай падзеяй з часоў Другога Ватыканскага Сабора, бо тэма сінадальнасці не проста адна з многіх, а тычыцца самай глыбокай тоеснасці Касцёла, якая заключаецца ў камуніі і місіі, удзеле ўсіх ахрышчаных.

Мансеньёр Кода заўважыў, што ў другім тысячагоддзі, ад Грыгарыянскай рэформы да Другога Ватыканскага Сабора, дзеля патрэбы гістарычнага развіцця, сталення і місіі Касцёла, ва ўмовах вельмі складанага свету, пераважала “пірамідальная, іерархацэнтрычная візія” Касцёла. “Гэта нярэдка перашкаджала належнай ацэнцы сіл Духа, прысутных у Божым народзе. Нават калі і былі вялікія святыя, вялікія рухі духоўнага абнаўлення, гаворка ішла пра праявы, якія не да канца тычыліся ўсіх членаў Хрыстовага народа”, - заўважыў святар, падкрэсліваючы, што толькі пасля Другога Ватыканскага Сабора пачалі шырока казаць пра паўсюднае пакліканне да святасці, пра тое, што ўсе мы маем аднолькавую годнасць як Божы народ.

Цяпер важна імкнуцца адкрыцца на дзейнасць Святога Духа, які робіць усіх суадказнымі за Касцёл, - перакананы ватыканскі тэолаг, адзначаючы, што гэтай мэце павінна служыць таксама дэцэнтралізацыя Сінода, удзел у ім членаў мясцовых Касцёлаў. “Упершыню за дзве тысячы гадоў будзе задзейнічаны ўвесь Божы народ”, - дадаў мансеньёр Кода.
 

12 кастрычніка 2021, 12:20