Лаўрэаты Прэміі Ратцынгера за 2020 і 2021 гг. падчас сустрэчы з Бэнэдыктам XVI Лаўрэаты Прэміі Ратцынгера за 2020 і 2021 гг. падчас сустрэчы з Бэнэдыктам XVI 

Бэнэдыкт XVI прыняў лаўрэатаў заснаванай ім прэміі

У другой палове дня 13 лістапада 2021 г. Бэнэдыкт XVI прыняў у кляштары Mater Ecclesiae чатырох навукоўцаў, якія ў той жа дзень былі ўзнагароджаны Францішкам Прэміяй Ратцынгера.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Французскага філосафа і тэолага Жан-Люка Марыёна і аўстралійскую даследчыцу Трэйсі Роўланд, якія атрымалі Прэмію за 2020 г., і нямецкіх прафесараў Ханну-Барбару Герль-Фалькавіц і Людгера Швіенхорст-Шонбергера, лаўрэатаў 2021 г., суправаджаў старшыня Ватыканскага фонду Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI, кс. Фэдэрыка Ламбардзі.

Гэта была вельмі жывая сустрэча, якая доўжылася цэлую гадзіну, з удзелам абп. Георга Генсвайна, падчас якой кожны навуковец мог распавесці Бэнэдыкту XVI пра сваю працу і пагутарыць з ім. Аўдыенцыя завяршылася малітвай Вітай, Марыя і благаслаўленнем ад Папы-эмерыта, які ўручыў кожнаму з навукоўцаў памятны медаль і ружанец, - паведаміў у спецыяльнай заяве Ватыканскі фонд.

Прэмію Ратцынгера прысудзілі сёлета ўжо ў адзінаццаты раз. Яна ўручаецца за папулярызацыю тэалогіі ў сучасным свеце. Эксперты называюць яе Нобелеўскай прэміяй у галіне тэалогіі. Ініцыятарам узнагароды з’яўляецца Ватыканскі фонд імя Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI. Яго стварыў сам Пантыфік і ахвяраваў у яго даходы ад сваёй літаратурна-тэалагічнай дзейнасці. Цяпер Фонд падтрымліваюць дабрачынцы.
 

15 лістапада 2021, 11:18