Пошук

Біскуп Нунцыа Галанціна Біскуп Нунцыа Галанціна 

Бюджэт Святога Пасаду мае місіянерскі характар

Мэтай Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы (APSA) з’яўляецца кіраванне фінансамі надзейным чынам, - сказаў у інтэрв’ю Vatican News кіраўнік гэтага фінансавага інстытута, біскуп Нунцыа Галанціна.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх нагадаў, што Папа перавызначыў ролю APSA, публікуючы 4 ліпеня 2016 г. motu proprio I beni temporali. Гаворка ідзе пра паляпшэнне функцыянавання ў духу празрыстасці, узяўшы пад кантроль усё, што звязана з распараджэннем і кіраваннем рэсурсамі Святога Пасаду. Апошнім крокам у рэформе кіравання маёмасцю стала выданне ў снежні 2020 г. motu proprio аб кампетэнцыі ў фінансава-эканамічнай сферы, у якім Францішак даверыў Адміністрацыі маёмасці кіраванне фінансавымі інвестыцыямі і таварамі працяглага карыстання, якія належаць Дзяржаўнаму сакратарыяту.

Як ад гэтай, так і ад іншых ватыканскіх устаноў, якія ўдзельнічаюць у кіраванні, Пантыфік чакае стылю, адпаведнага агульнай місіі Касцёла. Ён хоча, каб пасланне Евангелля абвяшчалася ў тым ліку праз давер да тых, хто працуе ў сферы кіравання маёмасцю, і іх добрую рэпутацыю.

Іерарх выказаўся і на тэму агульнакасцёльнай ініцыятывы Грош св. Пятра, якая зыходзіць ад мясцовых Касцёлаў і падтрымлівае місію Святога Айца і яго дабрачынную дзейнасць. Рэалізацыя служэння Папы ў Касцёле і ў свеце патрабуе структур, якім у сваю чаргу неабходны сродкі для дзейнасці. Выдаткі, якія бярэ на сябе Апостальская Сталіца, гэта выдаткі на матэрыяльную дапамогу і евангелізацыю, на заработную плату і духоўную, інтэлектуальную і сацыяльную дапамогу. Дыкастэрыі існуюць дзеля гэтага: яны забяспечваюць камунію Касцёла ва ўсім свеце, распаўсюджваць вучэнне, пашыраюць справядлівасць і рэалізуюць справы міласэрнасці. Грош св. Пятра з'яўляецца адной з крыніц даходаў, якія дапамагаюць падтрымліваць двайны профіль (апостальскі і дабрачынны) служэння, якое Папа ажыццяўляе праз структуры Рымскай курыі.

Біскуп Галанціна вызначыў асноўныя мэты структуры, якую ўзначальвае: “Задачай APSA з’яўляецца захаванне, забеспячэнне і, дзе гэта магчыма, таксама памнажэнне набытых дабротаў, але толькі з адзінай мэтай: дапамагчы Святому Айцу ў яго місіі на двух узроўнях: апостальскім і дабрачынным”.

Паколькі большасць дыкастэрый Святога Пасаду не прыносяць ніякага прыбытку, Адміністрацыя маёмасці імкнецца стварыць фінансавую базу для іх функцыянавання на аснове тавараў, якія знаходзяцца ў распараджэнні Святога Пасаду. “Гаворка ідзе пра забеспячэнне фінансавання, якое дазваляе Касцёлу выконваць яго місію”, - патлумачыў ватыканскі іерарх.
 

10 лістапада 2021, 11:31