Дзяржсакратар здзейсніў візіт у Швейцарыю
Аляксандр Панчанка – Vatican News
7 лістапада 2021 г. Дзяржсакратар Яго Святасці Папы цэлебраваў св. Імшу ў бэнэдыктынскім санктуарыі ў Айнзідэльні, знакамітым сваім цудадзейным марыйным абразом. Затым ён наведаў яшчэ адну важную для Швейцарыі святыню – горнае мястэчка Флюэлі-Ранфт, звязанае з жыццём св. Мікалая з Флюэ, вядомага як Брат Клаус, нябеснага апекуна краіны.
8 лістапада кардынал Паралін прыняў удзел у гістарычнай канферэнцыі ў Фрыбургскім універсітэце, якая была прысвечана гістарычнаму аналізу дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Швейцарыяй. У навуковай сустрэчы браў удзел таксама Віцэ-прэзідэнт і Міністр замежных спраў Швейцарыі Іньяцыа Касіс.
Нягледзячы на тое, што дыпламатычныя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Швейцарыяй налічваюць толькі 100 гадоў, з 1586 па 1873 г. быў папскі прадстаўнік у гэтай краіне. Затым, амаль на працягу паловы стагоддзя, стасункі былі перарваны і аднавіліся толькі ў 1920 г. У Берне была адкрыта нунцыятура, а вось швейцарскі прадстаўнік пры Апостальскай Сталіцы быў прызначаны толькі ў 1991 г. Ён дагэтуль не мае рэзідэнцыі ў Рыме, а месцам яго пастаяннага пражывання з'яўляецца сталіца Славеніі горад Любляна.