Кард. Марыё Грэк Кард. Марыё Грэк 

Кардынал Грэк пра Сінод: без узаемнага слухання калечыцца Касцёл

Не бойцеся сказаць нам шчыра тое, што вы зразумелі, слухаючы вашых людзей на тэму таго, што Дух Святы прамаўляе да Касцёла. Да гэтага Генеральны сакратар Сіноду Біскупаў заклікаў у сваім відэапасланні амерыканскіх іерархаў, рашуча баронячы аўтэнтычнасць сінадальнага працэсу.

Ян Глінскі - Vatican News

Як адзначыў кард. Марыё Грэк, насуперак таму, што многія думаюць, высновы заключнага працэсу не былі напісаныя загадзя. Па словах іерарха, няма таксама імкнення навязваць адзіную лінію мыслення, існуе гатоўнасць да слухання Духа праз узаемнае выслухоўванне. Як адзначыў кардынал, у пачатковай кропцы ніякая пасада не з’яўляецца лепшай за іншыя.

Ватыканскі іерарх запэўнівае амерыканскіх біскупаў, што Сінод з’яўляецца духоўным працэсам, натхнёным і кіраваным Духам Святым. На думку Генеральнага сакратара Сіноду Біскупаў, пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца крэатыўнасць, з якой епіскапаты, дыяцэзіі, парафіі і таварыствы арганізоўваюць кансультацыі вернікаў.

“Сінадальнасць дапамагае нам глыбока ўсвядоміць, што ў кожны момант дыялогу, прыняцця рашэння і распазнавання менавіта Божая воля з’яўляецца тою, якую мы стараемся распазнаць і адкрыць, а не нашая ўласная, – сцвердзіў кардынал Грэк. – Будзем слухаць адно аднаго, каб лепей чуць голас Духа Святога, які прамаўляе ў нашым сённяшнім свеце. Калі паміж намі няма ўзаемнага слухання, калечыцца Касцёл знутры, а потым і звонку. Узаемнае слуханне ніякім чынам не падрывае асаблівай адказнасці біскупаў за кіраванне і пацвярджэнне распазнання; гэта хутчэй неабходная ўмова яго плённага выканання“, - падкрэсліў кардынал Грэк.
 

19 лістапада 2021, 11:05