Кардынал: патрэбны сумленныя даследаванні для абароны дзяцей
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У звароце на імя прафесара Эрнэста Кафо, старшыні італьянскай грамадскай арганізацыі Telefono Azzuro, якая дзейнічае ў сферы абароны дзяцей, кардынал Шон Патрык О’Мэйлі, заўважыў, што праблема сексуальных злоўжыванняў адносна непаўналетніх з’яўляецца глабальнай.
Іерарх нагадаў, што паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 120 мільёнаў дзяўчын і маладых жанчын ва ўзросце да 20 гадоў сутыкаліся з якой-небудзь формай прымусовага сексуальнага кантакту. Кожная пятая жанчына і кожны трынаццаты мужчына сталі ахвярамі сексуальнага злоўжывання да наступлення іх 18-годдзя. У некаторых частках свету сексуальнае насілле спазнала кожнае другое дзіця. 60% ахвяр ніколі не расказваюць пра гэта па прычыне сораму і страху.
Іерарх нагадаў таксама некаторыя лічбы, якія тычацца праблемы сексуальных злоўжыванняў у Касцёле. Ён заўважыў, што паводле Незалежнай камісіі па сексуальным злоўжыванням у Каталіцкім Касцёле ў Францыі, у перыяд з 1950 па 2020 г. ахвярамі насілля ў касцёльных структурах у гэтай краіне сталі каля 216 000 дзяцей. У Аўстраліі даследаванні паказалі, што 40% сексуальных злоўжыванняў за гэты перыяд таксама адбылося ва ўстановах, звязаных з Касцёлам.
Іерарх заўважыў, што “немагчыма выправіць тое, што не прызнаецца”, і што немагчыма вярнуць давер людзей, калі не пачаць уваходзіць у глыбіню праблемы, а гэта патрабуе “сумленных і незалежных даследаванняў”, каб дзейнасць грунтавалася на інфармаванасці. У гэтым кантэксце ён адзначыў, што Касцёл павінен вучыцца на дасягненнях грамадзянскай супольнасці і акадэмічнага света, і каб яго стратэгіі абароны непаўналетніх грунтаваліся на навуковым падыходзе.
“Калі будзем вучыцца адзін ад аднаго, мы зможам стаць Касцёлам і грамадствам, якія надаюць глабальнай абароне дзяцей адно з прыярытэтным месцаў, а гэта патрабуе інвестыцый у стварэнне даверлівых адносін і ўзаемнай падтрымкі паміж структурамі”, - дадаў кардынал О’Мэйлі.
Гаворачы пра жаданне Касцёла супрацоўнічаць з грамадствам у сферы абароны дзяцей, іерарх заўважыў, што ў Еўрапейскі дзень абароны дзяцей ад сексуальнай эксплуатацыі і сексуальнага выкарыстання, італьянскі епіскапат упершыню праводзіць Дзень малітвы за ахвяр злоўжыванняў, а рамках пасяджэння епіскапату ЗША адбылася супольная малітва з ахвярамі гэтай ганебнай з’явы.