Святы Пасад: інвеставаць у паліятыўны догляд, а не ў эўтаназію
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Выступаючы на Міжнародным кангрэсе ў Рыме пад назвай Тэхналогіі і канец жыцця – першынство спадарожнічання, арцыбіскуп Вінчэнца Палья падкрэсліў неабходнасць дыялогу паміж медыкамі і пацыентамі на карысць тэрапеўтычнага саюза і поўнай павагі да жыцця. Першыя “валодаюць кампетэнцыяй у вызначэнні клінічнай дакладнасці лячэння”. Другія “маюць вырашальнае слова ў пытаннях, якія тычацца іх уласнага здароўя і медыцынскага ўмяшання”. Тут вельмі важна гарантаваць “поўную інфармацыю, адкрытую камунікацыю і дыялог на аснове супрацоўніцтва паміж медыцынскай камандай, пацыентамі і іх сваякамі”.
Іерарх заўважыў, што на апошняй стадыі жыцця трэба суправаджаць хворага і клапаціцца пра яго. Абсалютна іншы, бесчалавечны падыход прапануе эўтаназія.
Клінічны і педагагічны вопыт паказвае, што нешматлікія студэнты, як будучыя ўрачы, так і медыцынскія сёстры, ахвотна прысвячаюць сябе догляду за паміраючымі, асабліва пажылымі, лічачы паліятыўную сферу нерэнтабельнай у параўнанні з іншымі спецыяльнасцямі, - з жалем заўважыў старшыня Папскай акадэміі жыцця.
Гаворачы аб “культуры” паліятыўнай дапамогі, арцыбіскуп Палья падкрэсліў “неабходнасць новай прасторы для стасункаў і слухання эмоцый, якія выражаюць па-сапраўднаму гуманнае вымярэнне памірання”, і гэта “галоўная задача, да якой заклікана культура паліятыўнай дапамогі”. На яго думку, “калі сфера не зможа гэтага зрабіць, існуе рызыка, што праект будзе зведзены да іншай формы медыкалізацыі памірання”.