Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папская канцэпцыя “інтэгральнай экалогіі” цалкам рэалістычная

Эксперт па эканоміцы навакольнага асяроддзя Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека Нік Фіцпатрык падзяліўся з Vatican News чаканнямі ад саміту COP26 і перспектывамі “экалагічнага навяртання”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Навуковец лічыць цалкам рэалістычнай канцэпцыю “інтэгральнай экалогіі”, прапанаваную Францішкам. Ён прызнаўся, што “адзінае нерэальнае рашэнне – гэта бізнес-падыход, які існаваў дагэтуль”. Рост матэрыяльнай эфектыўнасці і імкненне да эканамічнага росту пагоршылі няроўнасць унутры і паміж краінамі. Выкіды парніковых газаў павялічыліся на 60%, з 1990 г. – у чатыры разы ў абсалютным выражэнні. Фіцпатрык адзначыў, што не дасягнуты міжнародныя стандарты, пра якія размаўлялі ўжо 30 гадоў таму.

Што трэба змяніць, так гэта свядомасць людзей і іх штодзённы выбар. “Нам вядома, напрыклад, што празмернае выкарыстанне аўтамабіляў, якое павышае ўзровень выхлапных газаў, назіраецца ў першую чаргу ў багатых, развітых краінах. Рашэнне праблемы здаецца простым. На працу можна ездзіць на адной машыне з суседам. Таму папскае вучэнне аказвае ўплыў у тым сэнсе, што Францішак кіруе сваё маральнае пасланне ўсяму свету. Яго дзейнасць паказвае, што, незалежна ад рэлігіі і розных жыццёвых шляхоў, мы павінны ісці разам у адным накірунку інтэгральнай экалогіі, устойлівага развіцця і сацыяльнай справядлівасці. Навука аб змене клімату існуе з 1960-х гадоў, і мы бачым, што проста ведаць недастаткова. Таму Пантыфік спрабуе гаварыць пра нашу мараль. Усе мы павінны дзейнічаць, абмежаваць сваё нястрымнае спажыванне, перастаць думаць пра куплю іншага аўтамабіля і г.д.”, - адзначыў ватыканскі экалагічны эксперт.

Фіцпатрык перкананы, што паколькі тыя, хто атрымлівае прыбытак ад бізнесу, у першую чаргу зацікаўлены ў захаванні status quo, дзеянні павінны ісці знізу ўверх, ад рашэнняў грамадства. Навуковец аптымістычна глядзіць на рэалізацыю такога сцэнарыя, бо людзі па ўсім свеце ўсведамляюць гэта ўсё больш і больш.
 

02 лістапада 2021, 10:48