Францішак падчас цэлебрацыі Імшы Божага Нараджэння. Ілюстрацыйнае фота Францішак падчас цэлебрацыі Імшы Божага Нараджэння. Ілюстрацыйнае фота 

Папскі каляндар святочных цэлебрацый з папраўкай на пандэмію

27 лістапада 2021 г. у Ватыкане апублікавалі каляндар папскіх літургічных цэлебрацый на святочны перыяд. Некаторыя змены ў ім прадыктаваныя пандэміяй.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа ў прыватным парадку паедзе на рымскую Іспанскую плошчу і аддасць пашану Маці Божай ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця. “Каб пазбегнуць сходаў і звязанай з імі рызыкі заражэння COVID-19, замест звычайнага публічнага ўшанавання Беззаганнага Зачацця, Папа зноў здзейсніць прыватны акт пабожнасці 8 снежня, молячыся да Маці Божай за рымлян, горад, дзе яны жывуць, і хворых, якія маюць патрэбу ў яе мацярынскай апецы, ва ўсім свеце”, - гаворыцца ў паведамленні Святога Пасаду.

У пятніцу, 24 снежня, у 19.30 Францішак узначаліць вігілійную Імшу ў базыліцы св. Пятра. Ва ўрачыстасць Божага Нараджэння, у суботу, 25 снежня, у 12.00 Папа скіруе пасланне міру і ўдзеліць урачыстае благаслаўленне Urbi et Orbi.

У апошні дзень каляндарнага года, у пятніцу, 31 снежня, у 17.00 Святы Айцец узначаліць у ватыканскай базыліцы Першыя нешпары ўрачыстасці святой Багародзіцы Марыі і Te Deum у знак падзякі за год.

На наступны дзень, у суботу, 1 студзеня, у першы дзень Новага 2022 года, у Сусветны дзень міру ў 10.00 Францішак будзе цэлебраваць Эўхарыстыю ў базыліцы св. Пятра. Таксама ва ўрачыстасць Аб'яўлення Пана, у чацвер, 6 студзеня, у 10.00 там жа Пантыфік узначаліць св. Імшу. У нядзелю Хросту Пана, 9 студзеня, у 9.30 ён будзе цэлебраваць Эўхарыстыю і пахрысціць дзяцей у Сікстынскай капэле.

Святы Айцец сустрэнецца з вернікамі на малітве Анёл Панскі 8 снежня – ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у нядзелі, а таксама ў першы дзень Новага года і ва ўрачыстасць Аб'яўлення Пана.
 

28 лістапада 2021, 12:14