Ватыкан: дабрачынны матч Fratelli tutti завяршыўся нічыёй
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Матч стаў па-сапраўднаму таварыскім і адпавядаў закліку, які Святы Айцец скіраваў да футбалістаў, прымаючы іх на аўдыенцыі напярэдадні спартыўнай сустрэчы: “Не важна хто заб’е больш галоў, бо галоўным будзе гол, дзякуючы якому пераможа надзея”.
Першы тайм для папскай каманды завяршыўся з разгромным лікам 6:1. Сітуацыя здавалася цалкам безнадзейнай, але пасля перапынку ватыканскія футбалісты змаглі вярнуцца ў гульню, у тым ліку дзякуючы паблажлівасці сваіх супернікаў. Канчатковы вынік сустрэчы – 7:7.
Папу на матчы прадстаўлялі некаторыя швейцарскія гвардзейцы, ватыканскія жандары, святары з Рымскай курыі, супрацоўнікі структур Святога Пасаду, а таксама малады спартсмен з сіндромам Даўна і некалькі мігрантаў. Іх супернікамі была каманда цыганскай арганізацыі з Харватыі, якая праз спорт спрыяе ўключэнню прадстаўнікоў гэтай этнічнай меншасці ў жыццё грамадства.
Матч судзіў футбаліст клуба Lazio i зборнай Італіі Чыра Імобіле. Ён адказна падышоў да выканання сваіх абавязкаў: прызначаў штрафныя ўдары, з дапамогай трансляцыі на смартфоне правяраў спрэчныя сітуацыі і нават паказаў дзе жоўтыя карткі – іх атрымалі трэнеры абедзьвюх каманд за неналежныя паводзіны ля бакавой лініі.
Падчас футбольнага матча збіраліся ахвяраванні на дабрачынны праект Рымскай дыяцэзіі пад назвай Штуршок для інклюзіўнасці, накіраваны на інтэграцыю ў грамадства прадстаўнікоў цыганскай меншасці і іншых людзей, якія знаходзяцца ў сітуацыі нястачы. Ініцыятыва была рэалізаванага пад патранатам Папскай рады па культуры.