Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: футбольны матч у імя братэрства і інклюзіўнасці

21 лістапада 2021 г. пройдзе таварыскі футбольны матч паміж камандай World Rom Organisation i Камандай Папы – Fratelli tutti. Яго мэта – дапамагчы пераадолець дыскрымінацыю цыган і ўразлівых асоб.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Спартыўная ініцыятыва адбудзецца на стадыёне трэніровачнай базы футбольнага клуба Lazio у горадзе Фармэла недалёка ад Рыма. Падчас яе будуць збірацца ахвяраванні на падтрымку праекта Рымскай дыяцэзіі, накіраванага на спрыянне інтэграцыі прадстаўнікоў цыганскай меншасці і найбольш уразлівых асобаў у жыццё грамадства.

Ініцыятарам правядзення матча выступіла World Rom Organisation – аб'яднанне, якое займацца прасоўваннем інтэграцыі дзяцей і моладзі з цыганскіх сем’яў праз іх удзел у спартыўнай дзейнасці. Сядзіба структуры знаходзіцца ў харвацкім Заграбе.

Святы Айцец прыняў прапанову і даручыў арганізаваць спартыўную сустрэчу Папскай радзе па культуры. Яе падтрымала кіраўніцтва клуба Lazio. 20 лістапада Пантыфік прыме футбалістаў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Каманда Папы – Fratelli tutti складаецца з рэкрутаў Швейцарскай гвардыі, ватыканскіх жандараў, сыноў супрацоўнікаў ватыканскіх устаноў, святароў, якія служаць у Дзяржсакратарыяце, структурах Рымскай курыі і Папскай касцёльнай акадэміі. На знак інклюзіўнасці ў яе склад уваходзяць таксама тры мігранты і юнак з сіндромам Даўна.

Падчас нядаўняга візіту ў Славакію Францішак наведаў горад Кошыцы, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі цыганскай меншасці, заклікаючы грамадства перайсці “ад забабонаў да дыялогу, ад закрытасці да інтэграцыі”, бо “бязлітасныя суджэнні, дыскрымінуючыя стэрэатыпы, абразлівыя жэсты і словы робяць чалавецтва бяднейшым”. Папа заўважыў, што “быць Касцёлам – значыць жыць, як людзі, скліканыя Богам, якія адчуваюць сябе гульцамі асноўнага складу ў жыцці, з’яўляюцца членамі адной каманды”.
 

16 лістапада 2021, 11:27