Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Зялёнае святло – агні чалавечнасці

Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ звярнуў увагу на ініцыятыву жыхароў польска-беларускага памежжа, якія дапамагаюць нелегальным мігрантам, што блукаюць у лясах, не загінуць ад голаду і холаду.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Адны выкарыстоўваюць мігрантаў і бежанцаў у сваіх мэтах, ператвараючы іх у закладнікаў, – і гэта абмяркоўваецца кожны дзень. Другія ў спешцы будуюць муры з калючага дроту, каб супрацьстаяць “нашэсцю” безабаронных дзяцей, жанчын і мужчын, змерзлых і патрабуючых усяго, якія блукаюць у лясах на мяжы паміж Беларуссю і Польшчай, – і гэта таксама трапляе ў навіны. Ёсць тыя, хто выходзіць на плошчы, каб падтрымаць палітыку будавання муроў у імя “хрысціянскай тоеснасці”, – і гэта не праходзіць міма медыйных радараў”, - заўважыў Андрэа Тарніелі ў сваёй аўтарскай калонцы на партале Vatican News.

Галоўны рэдактар СМІ Святога Пасаду звярнуў увагу на тое, што ёсць, таксама і тыя, хто “супраціўляецца бязмоўна, не паказваючы гэтага, не выходзячы на плошчы, застаючыся дома, у далечыні ад тэлекамер, і запальваючы агні чалавечнасці”.

“І калі навіна пра гэта трапляе на старонкі газет – такіх як італьянскія Avvenire i Repubblica, – тады ўзнікае надзея. У Польшчы, у некаторых дамах на памежжы, побач з лясамі, дзе разыгрываецца трагедыя мігрантаў, жывуць людзі, якія не паддаліся глабалізацыі абыякавасці і памятаюць пра хрысціянскія карані, што не ператварыліся ў ідэалогію, але чэрпаюць з жывога Евангелля, якім ёсць прыпавесць пра Добрага Самараніна”, - напісаў журналіст.

“Гэтыя людзі памятаюць настаўленне св. Яна Паўла ІІ, якое папа Францішак працытаваў тры дні таму напрыканцы агульнай аўдыенцыі: “Сёння ўвесь свет і Польшча маюць патрэбу ў людзях з вялікім сэрцам”. І нават ведаючы пра рызыку быць абвінавачанымі ў садзейнічанні нелегальнай міграцыі, гэтыя добрыя самаране ноччу запальваюць зялёнае святло ў сябе дома, даючы знак таго, што там, за падсвечанымі вокнамі, ёсць талерка гарачага супа і коўдра для тых, хто праходзіць – незалежна ад наяўнасці ў іх пашпарта і візы. Або, гэтыя ж людзі, пакідаюць свежае малако, абутак і бітоны з вадой ля дзвярэй, каб маўклівыя валанцёры, якія праходзяць з наступленнем змроку, маглі забраць гэтыя дары і аднесці ў лес для тых, каму яны так патрэбныя”, - напісаў ён.

“Імкненне не дапусціць смерці гэтых адчайных людзей – гэта сёння злачынства, – заявіў Віктар Яроцкі, актывіст аднаго з каталіцкіх аб’яднанняў з Крынкаў. – Але мы памятаем урок папы Вайтылы і не падпарадкоўваемся легальна: забыць ежу і адзенне ў лесе – такое заўсёды можа здарыцца, а сёння гэта неабходна”, - працытаваў Тарніелі словы польскага актывіста.
 

12 лістапада 2021, 15:32