Bambino Gesù: гуманітарны калідор для хворых дзяцей з Эфіопіі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У рамках ініцыятывы будзе створаны гуманітарны калідор для хворых дзяцей з гэтай афрыканскай краіны, дзякуючы якому яны змогуць прайсці неабходнае лячэнне ў Італіі.
14 снежня 2021 года ў Рыме быў падпісаны адмысловы пратакол аб узаемаразуменні паміж дырэктарам ватыканскай дзіцячай бальніцы Марыэлай Энак і старшынёй цэнтральнай рады дабрачыннага аб’яднання Джуліана Крэпальдзі. Першае дзіця з анклалагічным захворваннем ужо знаходзіцца на шляху ў Італію.
У Эфіопіі трывае ўзброены канфлікт паміж федэральнымі ўладамі і Народным фронтам вызвалення Тыграя. З ініцыятывай дапамогі хворым дзецям выступілі місіянеркі з кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці, заснаванай святым Вінцэнтам дэ Полем, якія нясуць служэнне ў гэтай краіне.
Нягледзячы на надзвычайную сітуацыю, выкліканую ваенным супрацьстаяннем, яны імкнуцца дапамагаць дзецям і моладзі, у тым ліку з інваліднасцю, самым бедным і патрабуючым, адчуваючы маральны абавязак рабіць усё магчымае дзеля абароны іх жыцця і павагі да іх годнасці. Транспартаваннем і размяшчэннем у Рыме эфіопскіх дзяцей будуць займацца валанцёры Таварыства святога Вінцэнта дэ Поля.