Французскія касцёльныя ўлады на сустрэчы з Пантыфікам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сустрэча праходзіла ў складаным для мясцовага Касцёла кантэксце, а менавіта праз два месяцы пасля публікацыі дакладу незалежнай камісіі аб злоўжываннях адносна непаўналетніх у касцёльным асяроддзі і пасля нядаўняй нечаканай адстаўкі Мітрапаліта Парыжскага.
Папа чакаў тлумачэнняў біскупаў адносна справаздачы. Пра гэта ён казаў 6 снежня 2021 г. падчас прэс-канферэнцыі ў самалёце, выказваючы агаворкі адносна вынікаў расследавання і заахвочваючы да асцярожнасці, паколькі гістарычную сітуацыю, як ён патлумачыў, трэба разглядаць паводле герменеўтыкі той эпохі, а не сучаснасці.
Характэрна, што ў канцы лістапада даклад незалежнай камісіі быў раскрытыкаваны Каталіцкай акадэміяй Францыі. Навукоўцы вінавацяць у сур'ёзных метадалагічных памылках, адсутнасці навуковай строгасці і прадузятасці да Касцёла. Крытычны аналіз справаздачы падпісалі восем членаў Акадэміі, у тым ліку яе старшыня Уг Партэлі, вядомыя юрысты і філосаф П'ер Мано.
Яшчэ адна балючая справа для Касцёла ў Францыі – кампанія ў СМІ супраць арцыбіскупа Мішэля Опэці. Папа прызнаўся, што прыняў яго адстаўку, хоць не знайшоў у ім віны, якая заслугоўвала б на гэта. Па словах Францішка, Мітрапаліт Парыжскі стаў ахвярай несправядлівасці, плётак і крывадушнасці.