Падчас адвэнтавага казання кардынала Канталамесы Падчас адвэнтавага казання кардынала Канталамесы 

Кардынал Канталамеса: заглушыць шум у сабе

У сваім трэцім адвэнтавым казанні Папскі прапаведнік звярнуў увагу на асаблівую годнасць Марыі, якая была дадзена ёй Богам; яна паўстае як Жанчына, новая Ева, Маці ўсяго жывога.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Як звычайна, у разважанні кардынала Раньера Канталамесы не бракавала спасылак на сусветную літаратуру. Італьянскі капуцын 17 снежня 2021 г. згадаў апавяданне Франца Кафкі, марыйны гімн з Боскай камедыі, а таксама думкі Льва Талстога пра Марыю.

Прапаведнік Папскага дому нагадаў, што, паводле традыцыі Касцёла, Езус, Які нарадзіўся ад цела Панны Марыі, павінен быць духоўна зачаты і народжаны ў кожным верніку. Нараджэнне Езуса ў душы верніка адбываецца тады, калі чалавек гарыць любоўю да Бога, вырашае пазбавіцца сваіх недахопаў і весці новае жыццё.

“Аднак трэба падкрэсліць адно: такое жаданне новага жыцця павінна быць неадкладна ператворана ў нешта канкрэтнае, змену, па магчымасці таксама знешнюю і бачную, у нашым жыцці і ў нашых звычках. Калі рашэнне не выконваецца, Езус застаецца зачатым, але не народжаным”, - вобразна адзначыў кардынал.

Канталамеса параіў сваім слухачам заглушыць шум у сабе, спыніць тыя працэсы ў свядомасці адносна людзей і фактаў, з якіх мы нязменна выходзім пераможцамі. “Давайце часам ператварацца з абвінаваўцаў у абаронцаў нашых братоў, думаючы пра тое, у чым нас могуць абвінаваціць іншыя”, - заклікаў ён, спасылаючыся на формулу, якая ўжываецца ў кананічных касцёльных працэсах – зараз няхай будзе пачуты іншы бок.

“Калі мы асуджаем кагосьці, давайце навучымся паўтараць гэтую формулу з усіх сіл: Audiatur et altera pars! Паспрабуй паставіць сябе на месца брата!”, - завяршыў адвэнтавае казанне кардынал Канталамеса.
 

18 снежня 2021, 12:12