Пантыфік заснаваў Ватыканскі фонд Fratelli tutti
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Місія новай структуры – падтрымка Фабрыкі святога Пятра, якая займаецца пытаннямі адміністрацыі ватыканскай базылікі, яе захавання і мастацкага афармлення.
Папа вызначыў “місіянерскія” напрамкі дзейнасці Фонду. Ён будзе займацца: падтрымкай і планаваннем шляхоў мастацтва і веры; інвестыцыямі ў культурную і духоўную адукацыю; садзейнічаннем дыялогу з культурамі і іншымі рэлігіямі на тэмы, звязаныя з апошнімі энцыклікамі, спрыяючы стварэнню “грамадскага саюза”.
Мэтай новай структуры будзе спрыянне салідарнасці, адукацыі, распаўсюджванне мастацтва, асабліва сакральнага, сінадальнасці, культуры братэрства і дыялогу.
У дзесяці пунктах Пантыфік канкрэтызаваў сферы дзейнасці ватыканскага фонду: спрыянне цэласнаму фарміраванню, уважліваму да духоўнага і культурнага ўзроўняў, у тым ліку турыстаў, якія наведваюць базыліку святога Пятра; арганізацыя мерапрыемстваў, мэтай якіх будзе братэрства і сацыяльнае сяброўства паміж Цэрквамі і рэлігіямі, вернікамі і няверуючымі; заахвочванне да культуры міру ў розных сферах жыцця, ад асабістага да грамадскага і палітычнага; арганізацыя “новых сустрэч”, якія сілкуюцца грамадскім дыялогам, прабачэннем, ачышчэннем памяці, а таксама ініцыятыў, накіраваных на развіццё братэрскага гуманізму, звязанага з прынцыпамі свабоды, роўнасці і братэрства; рэалізацыя экалагічных праектаў; спрыянне адказнаму прадпрымальніцтву і інвестыцыям на карысць грамадства, інтэгральнай экалогіі і ўстойліваму развіццю, навукова-тэхнічным даследаванням у святле прынцыпаў сацыяльнага вучэння Касцёла; падтрымка адказнай камунікацыі і праўдзівасці крыніц, аўтарытэту і надзейнасці тых, хто імкнецца будаваць масты; адказнасць за самых слабых людзей, чужынцаў, замежнікаў, маргіналізаваных, тых, хто знаходзіцца на культурных і сацыяльных межах.
Працу Фонду, апрача кардынала Маўра Гамбэці, узначаляць: Адміністрацыйная рада з дзевяці чалавек, аўдытар і генеральны сакратар. Кіраўнічымі органамі стануць: Генеральная рада, у якую ўвойдуць прадстаўнікі некалькіх ватыканскіх дыкастэрый, і Камітэт устойлівага развіцця, у якім будуць прадстаўлены дабрачынцы Фонду.