Папскі элемазінарый здзейсніў “падарожжа ўдзячнасці” па Італіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Кардынал Конрад Краеўскі ў інтэрв’ю Vatican News падзяліўся падрабязнасцямі сваёй паездкі. Ён спыніўся ў Крэмоне і Лодзі, дзе адкрыў новыя прытулкі для бедных. У Мілане іерарх падзякаваў людзям, якія на працягу апошніх шасці гадоў кожны месяц дасылаюць у Рым грузавік з прадуктамі. Каля П'ячэнцы ён наведаў прадпрыемства, дзе супрацоўнікі рэгулярна раздаюць свае талоны на харчаванне бедным.
Самым незвычайным месцам, куды адправіўся кардынал Краеўскі стала турма ў Падуі, дзе ўтрымліваюцца 800 зняволеных. Яны працуюць у пякарні і кандытарскай, якія знаходзяцца на тэрыторыі пенітэнцыярнай установы – устаюць у два ночы, каб забяспечыць хлебам і прысмакамі жыхароў Падуі. Таксама тут стварылі прадпрыемства, якое займаецца ўборкай горада, у якім працуюць зняволеныя, што яшчэ адбываюць пакаранне, што ўжо выйшлі з турмы і каму няма куды ісці – гэта каля 400 чалавек. Госць з Ватыкана цэлебраваў для іх святую Імшу.