Кардынал Раньера Канталамеса Кардынал Раньера Канталамеса 

Папскі прапаведнік: вызваліцца ад падазронасці ў адносінах да Бога

Пра важнасць адчування сябе Божымі дзецьмі, нагадаў падчас другога адвэнтавага казання для Святога Айца і іерархаў Рымскай курыі Прапаведнік Папскага дома кардынал Раньера Канталамеса.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Хоць мы ўсе ведаем, што Бог – наш Айцец, мы не заўсёды адпаведна адносімся да Яго. Каб па-сапраўднаму адчуць, што мы любімыя дзеці Бога, і звяртацца да Яго як Езус – Абба, Ойча – нам патрэбны Дух адчування сябе сынамі”, - падкрэсліў капуцын раніцай 10 снежня 2021 г. у ватыканскай Зале Паўла VI.

Кардынал Канталамеса лічыць, што добрай праверкай таго, як мы ўяўляем сябе вобраз Бога-Айца, можа стаць разважанне пра тое, якія асацыяцыі ўзнікаюць у нас калі кажам словы: “Будзь воля Твая”.

Мы часта суадносім волю Бога з нечым непрыемным і балючым, з нейкімі выпрабаваннямі. Гэта паказвае, што нам патрэбны Святы Дух, каб вызваліцца ад падазронасці ў адносінах ад Бога, якую атрымалі ў спадчыну ад Адама. Менавіта Дух напаўняе нашы сэрцы пачуццём Божага сыноўства, дазваляе нам адчуваць, а не толькі верыць, што мы з’яўляемся Божым дзецьмі, - сцвердзіў капуцын.

“Падчас рэкалекцый, прыняцця сакрамэнту з асаблівай адкрытасцю, слухання Божага слова з расчыненым сэрцам, або падчас малітвы ад спасланні Духа, душа напаўняецца новым святлом, у якім Бог па-новаму аб’яўляецца як Айцец. Тады мы пазнаём, што насамрэч азначае Божае бацькоўства; сэрца становіцца больш мяккім і чалавек мае адчуванне таго, што нанава нараджаецца ў гэтым досведзе”, - сказаў кардынал Раньера Канталамеса.
 

11 снежня 2021, 12:44