Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу збіралася на пасяджэнне

13-15 снежня 2021 года адбывалася пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы праекту рэформы Рымскай курыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У нарадзе ўзялі ўдзел кардыналы: Оскар Радрыгес Марадзьяга з Гандураса, Рэйнхард Маркс з Германіі, Шон Патрык О’Мэйлі з ЗША, Освальд Грасіяс з Індыі, Фрыдалін Амбонга Бэзунгу з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і біскуп Марка Мэліна, Сакратар структуры.

Разважаючы аб бягучай сітуацыі ў палітыцы і сферы аховы здароўя, звязанай з пандэміяй каронавіруса, кожны з удзельнікаў падзяліўся сваім меркаваннем і прапанаваў прэзентацыю на гэтую тэму з пункту гледжання свайго рэгіёна.

На сустрэчу быў запрошаны кардынал Марыё Грэк, Генеральны сакратар Сінода Біскупаў. Ён падзяліўся інфармацыяй аб ходзе Сінода на тэму сінадальнасці і падкрэсліў энтузіязм, які пануе ў гэтай сувязі на ўзроўні біскупскіх канферэнцый і сярод свецкіх вернікаў.

Святы Айцец прысутнічаў на пасяджэнні на працягу ўсяго дня ў аўторак і ў сераду пасля абеду. Ён прапанаваў сваё разважанне па тэмах, якія абмяркоўваліся кардыналамі.

Наступная сустрэча Рады запланавана на люты 2022 года.
 

16 снежня 2021, 10:52