Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Тарніелі: Рымская курыя таксама патрабуе сінадальнага навяртання

Рымская курыя, якая паводле сваёй прыроды з’яўляецца – або павінна быць – калегіяльнай і існуе не як улада, але як служба паўсюднай місіі Біскупа Рыма, таксама патрабуе “сінадальнага навяртання”.

Ян Глінскі - Vatican News

Менавіта на такі шлях Папа указаў у сваіх святочных пажаданнях, звяртаючыся да курыяльных супрацоўнікаў. Пра гэта ў аўтарскай калонцы на партале Vatican News напісаў Андрэа Тарніелі, галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

Па словах Францішка, Курыя – гэта “не толькі лагістычная і бюракратычная прылада для патрэбаў паўсюднага Касцёла, але і першы орган, пакліканы даваць сведчанне”.

Святы Айцец нагадаў, што ўся таямніца Божага Нараджэння заключаецца ў адным слове – пакора. Яе можна зразумець толькі тады, калі мы гатовыя адмовіцца ад прывілеяў, роляў, тытулаў, а значыць гатовыя адмовіцца ад пераканання, што мы “кімсьці” ёсць і што мы лепшыя за тых, хто быў да нас. Гэта можна зразумець, калі мы адкінем мару аб экспансіянісцкіх апостальскіх планах, якія вышукваюць, “што трэба зрабіць”, губляючы кантакт з “церпячай рэальнасцю” вернікаў.

З хрысціянскім рэалізмам Біскуп Рыма нагадвае нам: пасля пазбаўлення роляў, тытулаў і шатаў “мы ўсе – пракажоныя, якія патрабуюць аздараўлення”. Кожны – ад першага да апошняга. Не зважаючы на пасады. Толькі ўсведамляючы гэта, што само па сабе з’яўляецца каштоўным дарам ласкі, мы можам паглядзець новымі вачыма на тое, на што намякае Папа. Тады пераход да сінадальнасці не будзе чарговым чыноўніцкім заданнем, якое трэба выканаць паводле абавязку, але стане новым спосабам супрацоўніцтва, задаваннем сабе пытанняў, слуханнем іншых. Гэта дазволіць Святому Духу сваім подыхам прывесці нас туды, дзе мы не колі не марылі быць, каб умацаваць еднасць і пабудаваць адносіны, якія выходзяць за межы звычайнай працы. І ўсё больш, ідучы шляхам пакоры і сінадальнасці, Курыя будзе станавіцца супольнасцю. Супольнасцю, што складаецца з грэшнікаў, са слабых мужчын і жанчын, якія не хаваюцца за тытуламі ці ролямі, але ўсведамляюць, што ўсе – ад першага да апошняга – патрабуюць прабачэння, збаўлення і аздараўлення, - падкрэсліў Андрэа Тарніелі.

24 снежня 2021, 08:24