Ватыкан: на помніку мігрантам з’явіўся QR-код
Ян Глінскі - Vatican News
Дзякуючы гэтаму наведвальнікі Ватыкана могуць больш даведацца аб сітуацыі мігрантаў і бежанцаў праз навучанне Францішка на іспанскай, англійскай, французскай, партугальскай і нямецкай мовах.
Скульптура, усталяваная два гады таму на ватыканскай плошчы, была створана па задуме кардынала Майкла Чэрны, цяперашняга кіраўніка Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, які ў той час быў сакратаром Секцыі мігрантаў і бежанцаў у той жа структуры Святога Пасаду. Помнік прадстаўляе ў натуральнай велічыні групу падарожных асоб у лодцы. У цэнтры бачныя крылы анёла, як сімвал яго прысутнасці сярод уцекачоў.
Скульптура, выкананая з бронзы і гліны, была адкрыта 29 верасня 2019 года да 105-га Сусветнага дня мігранта і бежанца, каб, як тады сказаў Папа, “нагадаць усім пра евангельскі заклік да прыняцця”. Як адзначыў кардынал Чэрны, такое аб’яднанне культурнай інфармацыі з навучаннем Касцёла дапаможа турыстам адчуць сябе сапраўднымі пілігрымамі.
Падчас агульнай аўдыенцыі 28 снежня 2021 года Францішак засяродзіўся ў сваёй катэхезе на постаці святога Юзафа, прадстаўляючы яго як “мужнага мігранта”, які цярпеў пераслед. Святы Айцец заклікаў да малітвы за ўсіх мігрантаў, а таксама тых, каго пераследуюць, хто стаў ахвярай рознага роду палітычных, гістарычных і асабістых калізій.
У пасланні на 107-ы Сусветны дзень мігранта і бежанца Францішак напісаў: “Католікі пакліканы да неабыякавасці”. Пра гэта ж Святы Айцец нагадаў падчас сёлетняга Апостальскага падарожжа на Кіпр і ў Грэцыю падчас экуменічнай малітвы з мігрантамі: “Мы не можам маўчаць і глядзець у іншы бок”.
Несвядомыя анёлы – не адзіная праца Цімаці Шмальца ў Ватыкане: каля ўваходу ў Апостальскую элемазінарыю змешчана скульптура Бяздомны Езус, якая прадстаўляе Збаўцу бяздомным, які ляжыць на лаве, загорнуты ў коўдру, з босымі ступнямі, параненымі цвікамі падчас укрыжавання. Твор мастацтва знаходзіцца ў Ватыкане з 2016 года, які быў абвешчаны Францішкам Юбілеем Міласэрнасці.