400 гадоў Кангрэгацыі евангелізацыі народаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Стварэнне новай структуры Рымскай курыі стала ў пэўным сэнсе кульмінацыяй працяглага перыяду намаганняў Пантыфікаў вывесці місію з амаль выключнай юрысдыкцыі каланіяльных дзяржаў і еўрапейскіх лідараў. Гаворка ішла пра перанакіраванне дзейнасці Касцёла, як Старога, так і Новага Свету, на чыста духоўныя мэты, адмову ад шкоднай дагэтуль місіянерскай практыкі, якая вялася пад патранажам еўрапейскіх каланіяльных дзяржаў, і пра пераадоленне вузкіх інтарэсаў манаскіх ордэнаў і кангрэгацый у місіянерскай дзейнасці. Новая структура атрымала паўнамоцтвы прымаць неабходныя рашэнні, каб забяспечыць хуткасць і эфектыўнасць вялікай справы евангелізацыі.
Так пачаўся пераход ад каланіяльнай да чыста касцёльнай місіі. Місіянерская дзейнасць на ўсіх кантынентах стала звычайным і эксклюзіўным інструментам папскай юрысдыкцыі, што супярэчыла мэтам каланіяльных лідараў, якія жадалі прышчапіць чыста еўрапейскую форму хрысціянства і выступалі супраць мясцовай спецыфікі.
Сёння мэты Кангрэгацыі евангелізацыі народаў: забеспячэнне правільнага размеркавання місіянераў, клопат аб фармацыі дыяцэзіяльнага духавенства і катэхетаў, а таксама даручэнне місійных тэрыторый манаскім кангрэгацыям і мясцовым Касцёлам.
Згодна з апошняй статыстыкай, апублікаванай ватыканскім місіянерскім інфармацыйным агенцтвам Fides з нагоды Сусветнага дня місій 24 кастрычніка 2021 года, у цяперашні час у кампетэнцыі Кангрэгацыі знаходзяцца 1117 касцёльных адзінак: большасць у Афрыцы – 517 і ў Азіі – 483, затым у Амерыцы – 71 і Акіяніі – 46. Гэта архідыяцэзіі і дыяцэзіі, тэрытарыяльныя абацтвы, апостальскія вікарыяты, апостальскія прэфектуры, місіі sui juris, тэрытарыяльныя прэлатуры, апостальскія адміністратуры і ваенныя ардынарыяты.