Шыльда на штаб-кватэры Кангрэгацыі евангелізацыі народаў Шыльда на штаб-кватэры Кангрэгацыі евангелізацыі народаў 

400 гадоў Кангрэгацыі евангелізацыі народаў

400 гадоў таму, 6 студзеня 1622 г., Грыгорый XV заснаваў Кангрэгацыю de Propaganda Fide, даручыўшы ёй падвойную задачу: садзейнічаць уз'яднанню хрысціян і распаўсюджваць веру сярод язычнікаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Стварэнне новай структуры Рымскай курыі стала ў пэўным сэнсе кульмінацыяй працяглага перыяду намаганняў Пантыфікаў вывесці місію з амаль выключнай юрысдыкцыі каланіяльных дзяржаў і еўрапейскіх лідараў. Гаворка ішла пра перанакіраванне дзейнасці Касцёла, як Старога, так і Новага Свету, на чыста духоўныя мэты, адмову ад шкоднай дагэтуль місіянерскай практыкі, якая вялася пад патранажам еўрапейскіх каланіяльных дзяржаў, і пра пераадоленне вузкіх інтарэсаў манаскіх ордэнаў і кангрэгацый у місіянерскай дзейнасці. Новая структура атрымала паўнамоцтвы прымаць неабходныя рашэнні, каб забяспечыць хуткасць і эфектыўнасць вялікай справы евангелізацыі.

Так пачаўся пераход ад каланіяльнай да чыста касцёльнай місіі. Місіянерская дзейнасць на ўсіх кантынентах стала звычайным і эксклюзіўным інструментам папскай юрысдыкцыі, што супярэчыла мэтам каланіяльных лідараў, якія жадалі прышчапіць чыста еўрапейскую форму хрысціянства і выступалі супраць мясцовай спецыфікі.

Сёння мэты Кангрэгацыі евангелізацыі народаў: забеспячэнне правільнага размеркавання місіянераў, клопат аб фармацыі дыяцэзіяльнага духавенства і катэхетаў, а таксама даручэнне місійных тэрыторый манаскім кангрэгацыям і мясцовым Касцёлам.

Згодна з апошняй статыстыкай, апублікаванай ватыканскім місіянерскім інфармацыйным агенцтвам Fides з нагоды Сусветнага дня місій 24 кастрычніка 2021 года, у цяперашні час у кампетэнцыі Кангрэгацыі знаходзяцца 1117 касцёльных адзінак: большасць у Афрыцы – 517 і ў Азіі – 483, затым у Амерыцы – 71 і Акіяніі – 46. Гэта архідыяцэзіі і дыяцэзіі, тэрытарыяльныя абацтвы, апостальскія вікарыяты, апостальскія прэфектуры, місіі sui juris, тэрытарыяльныя прэлатуры, апостальскія адміністратуры і ваенныя ардынарыяты.
 

06 студзеня 2022, 10:46