Арцыбіскуп Галахер пра патрэбу ў каштоўнаснай дыпламатыі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі прыняў удзел у сустрэчы на тэму “Дыпламатыя каштоўнасцей і развіцця”, якая 20 студзеня 2021 года прайшла ў Рыме па ініцыятыве асацыяцыі Carità Politica. У форуме бралі ўдзел 35 паслоў і дыпламатычных прадстаўнікоў з розных краін свету.
Ватыканскі іерарх заўважыў, што папская дыпламатыя імкнецца “перанесці канкрэтныя сітуацыі ў рэалістычную перспектыву агульнага дабра і гуманізму”. Мэтай ажыццяўлення такой дыпламатычнай дзейнасці з’яўляюцца каштоўнасці, якія садзейнічаюць цэласнаму развіццю чалавека.
Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер звярнуў увагу на сучасную тэндэнцыю разглядаць правы чалавека, выключна праз прызму суб’ектывізму, у сувязі з чым яны становяцца проста выразам прыватных інтарэсаў пэўных груп. Дыпламат падкрэсліў небяспеку настойлівых прэтэнзій радыкальных ідэалагізаваных груп, якія фактычна здзяйсняюць дыскрымінацыю і кіруюцца нецярпімасцю, што з’яўляецца вынікам культуры адчужэння. Такім падыход ляжыць у аснове ідэалагічнай каланізацыі, пра якую кажа Папа, - дадаў ён.
Іерарх адзначыў патрэбу каштоўнаснай дыпламатыі, якая будзе садзейнічаць сапраўднай сустрэчы паміж краінамі з розным светаўспрыманнем. Яна дапамагае ставіць на першае месца агульнае дабро, заклікае да адказнасці ўсіх міжнародных актораў і дазволіць па-новаму паглядзець на міжнародную супольнасць і праблемы, якія стаяць перад ёй, сярод іх: пандэмія, міграцыя, беднасць, глабальнае пацяпленне, раззбраенне, карупцыя, запэўніў ватыканскі дыпламат.
“Дыпламатыя, якая разумецца такім чынам, можа паспрыяць пошуку згоды ў сучасным свеце, садзейнічаць сінтэзу каштоўнасцей, што дапаможа інтэграваць і прымірыць культурныя і рэлігійныя адметнасці дзеля дабра ўсяго чалавецтва”, - падкрэсліў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.