Базыліка св. Пятра ў Ватыкане Базыліка св. Пятра ў Ватыкане 

Дыпламатычныя адносіны Святога Пасаду ў 2021 годзе

Зала Друку Апостальскай Сталіцы падзялілася інфармацыяй пра актуальны стан двухбаковых дыпламатычных адносін Святога Пасаду і змены, якія адбыліся ў гэтай сферы на працягу 2021 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Паведамляецца, што на сённяшні дзень 183 краіны падтрымліваюць дыпламатычныя адносіны з Апостальскай Сталіцай. Да іх варта дадаць Еўрапейскі Саюз і Суверэнны Вайсковы Мальтыйскі Ордэн. 87 краін, у тым ліку ЕС і Мальтыйскі Ордэн, маюць пасольствы ў Рыме.

Адзначаецца, што ў Вечным горадзе знаходзяцца таксама прадстаўніцтвы пры Святым Пасадзе Лігі арабскіх краін, Міжнароднай арганізацыі па міграцыі і Вярхоўнага камісарыяту ААН па справах бежанцаў.

На працягу 2021 года было ратыфікавана Сёмае дадатковае пагадненне паміж Святым Пасадам і Аўстрыйскай Рэспублікай у рамках Канвенцыі аб урэгуляванні маёмасных адносін (10 лютага), фармалізаваны ўдзел Апостальскай Сталіцы ў працы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў якасці назіральніка, які не з’яўляецца яе членам (21 мая), а таксама адбылася перадача ратыфікацыйнай граматы Глабальнай канвенцыі ЮНЕСКА аб прызнанні кваліфікацыі ў галіне вышэйшай адукацыі.
 

10 студзеня 2022, 14:08