Святы Ірынэй неўзабаве можа стаць Доктарам Касцёла
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Паведамляецца, што кардынал Сэмерара прапанаваў Святому Айцу прыняць станоўчае меркаванне пленарнай сесіі кардыналаў і біскупаў, якія ўваходзяць у склад Кангрэгацыі па справах кананізацыі, адносна надання тытула Доктара Касцёла святому Ірынэю, Біскупу Ліёна, які праўдападобна нарадзіўся ў Смірне (на тэрыторыі сучаснай Турцыі) паміж 130 і 140 гадамі і памёр у Ліёне (Францыя) у 202 годзе.
Францішак казаў пра магчымасць надання тытула Доктара Касцёла святому Ірынэю Ліёнскаму, прымаючы на аўдыенцыі 7 жніўня 2021 года членаў Змешанай каталіцка-праваслаўнай тэалагічнай групы імя святога Ірынэя. Папа назваў тады гэтага хрысціянскага тэолага “вялікім духоўным і тэалагічным мастом паміж усходнімі і заходнімі хрысціянамі”.
Падчас аўдыенцыі для кардынала Сэмерара Пантыфік таксама ўхваліў некалькі дэкрэтаў аб прызнанні гераічнасць цнот. Дакументы тычацца трох італьянцаў: арцыбіскупа Франчэска Саверыа Топі (1925-2007) з Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, які доўгі час узначальваў тэрытарыяльную прэлатуру ў Пампеях; сястры Марыі Тэрэзы Рафаэлы Дэ Вінчэнцы (1872-1936), заснавальніцы Кангрэгацыі Малых Работніц Найсвяцейшых Сэрцаў; а таксама сястры Габрыэлы Тэрэзы Боргарыны (1880-1949), з Таварыства Дачок Міласэрнасці.