Вітраж з выявай святога Ірынэя Ліёнскага Вітраж з выявай святога Ірынэя Ліёнскага 

Святы Ірынэй неўзабаве можа стаць Доктарам Касцёла

20 студзеня 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі, кардынала Марчэла Сэмерара, паінфармавала Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Паведамляецца, што кардынал Сэмерара прапанаваў Святому Айцу прыняць станоўчае меркаванне пленарнай сесіі кардыналаў і біскупаў, якія ўваходзяць у склад Кангрэгацыі па справах кананізацыі, адносна надання тытула Доктара Касцёла святому Ірынэю, Біскупу Ліёна, які праўдападобна нарадзіўся ў Смірне (на тэрыторыі сучаснай Турцыі) паміж 130 і 140 гадамі і памёр у Ліёне (Францыя) у 202 годзе.

Францішак казаў пра магчымасць надання тытула Доктара Касцёла святому Ірынэю Ліёнскаму, прымаючы на аўдыенцыі 7 жніўня 2021 года членаў Змешанай каталіцка-праваслаўнай тэалагічнай групы імя святога Ірынэя. Папа назваў тады гэтага хрысціянскага тэолага “вялікім духоўным і тэалагічным мастом паміж усходнімі і заходнімі хрысціянамі”.

Падчас аўдыенцыі для кардынала Сэмерара Пантыфік таксама ўхваліў некалькі дэкрэтаў аб прызнанні гераічнасць цнот. Дакументы тычацца трох італьянцаў: арцыбіскупа Франчэска Саверыа Топі (1925-2007) з Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, які доўгі час узначальваў тэрытарыяльную прэлатуру ў Пампеях; сястры Марыі Тэрэзы Рафаэлы Дэ Вінчэнцы (1872-1936), заснавальніцы Кангрэгацыі Малых Работніц Найсвяцейшых Сэрцаў; а таксама сястры Габрыэлы Тэрэзы Боргарыны (1880-1949), з Таварыства Дачок Міласэрнасці.
 

20 студзеня 2022, 12:59