Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: падрабязнасці пра Імшу ў Нядзелю Божага Слова

Папская рада па новай евангелізацыі паведаміла падрабязнасці пра парадак цэлебрацыі Папам святой Імшы з нагоды 3-й Нядзелі Божага Слова. Яна будзе адзначацца ў Касцёле 23 студзеня 2022 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Урачыстая літургія распачнецца ў ватыканскай базыліцы святога Пятра ў 9.30 раніцы. У сувязі з надзвычайнымі эпідэмічнымі мерамі, накіраванымі на барацьбу з распаўсюджваннем каронавіруса, у ёй прымуць удзел не больш за дзве тысячы чалавек. Кожны з удзельнікаў святой Імшы атрымае падарунак ад Францішка – кнігу з каментарыямі Айцоў Касцёла да трэцяга і чацвёртага раздзелаў Евангелля святога Лукі.

Падчас святой Імшы адбудзецца абрад устанаўлення на паслугі лектарату і акалітату некалькіх свецкіх жанчын і мужчын з Паўднёвай Карэі, Пакістану, Ганы і розных частак Італіі. Жанчыны выконвалі гэтыя паслугі і раней, але афіцыйны дазвол яны атрымалі толькі ў мінулым годзе – Апостальскім лістом пад назвай Spiritus Domini, які Францішак выдаў 11 студзеня 2021 года.

У 3-ю Нядзелю Божага Слова Папа таксама здзейсніць абрад устанаўлення на паслугу катэхета некалькіх свецкіх вернікаў з Перу, Бразіліі, Ганы, Італіі і Іспаніі. Пантыфік надаў гэтаму служэнню афіцыйны статус у Касцёле Апостальскім лістом Antiquum ministerium ад 10 мая 2021 года. Затым Кангрэгацыя Божага культу і Дысцыпліны сакрамэнтаў падрыхтавала адмысловы абрад устанаўлення на паслугу катэхета.
 

19 студзеня 2022, 12:35