Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас паездкі ў Ліван Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас паездкі ў Ліван 

Арцыбіскуп Галахер паінфармаваў дыпламатаў пра сітуацыю ў Ліване

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер сустрэўся з членамі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе, каб падзяліцца досведам свайго нядаўняга падарожжа ў Ліван.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас сустрэчы з пасламі, якая прайшла за закрытымі дзвярыма ў Старой сінадальнай зале, ён падрабязна распавёў пра свой візіт, падзяліўся думкамі пра самыя важныя аспекты, а таксама адказаў на пытанні дыпламатаў. Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі знаходзіўся ў Краіне кедраў з афіцыйным візітам з 31 студзеня па 4 лютага 2022 года.

Арцыбіскуп Галахер распавёў, што запэўніў у блізкасці і малітве Святога Айца ўсіх прадстаўнікоў ліванскага грамадства, з якімі сустракаўся, а таксама падкрэсліў, што вывучаецца магчымасць падарожжа Папы ў гэту краіну, якое можа адбыцца як толькі для гэтага складуцца ўмовы, магчыма нават на працягу года.

Сакратар па адносінах з дзяржавамі распавёў, што сустрэўся з палітычным кіраўніцтвам Лівана, лідарамі мусульманскіх і хрысціянскіх супольнасцей, а таксама з моладдзю і сем’ямі ахвяр выбуху ў бейруцкім порце, дзе меў магчымасць памаліцца.

Арцыбіскуп Галахер заўважыў, што ў Ліване не хапае “згоды адносна вырашэння праблем”, бо кожны глядзіць на яго сітуацыю з уласнай перспектывы. Ён нагадаў пра вялікія спадзяванні, які ўскладаюцца ў краіне на парламенцкія выбары, што пройдуць у мае і з’яўляюцца “неад’емным крокам” для вяртання стабільнасці краіне і спынення міграцыі моладзі. Іерарх запэўніў, што Апостальская Сталіца гатова садзейнічаць нацыянальнаму дыялогу ў Ліване, пры ўмове, што аб гэтым папросяць усе бакі.

У апошняй частцы ватыканскай сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя мігрантаў і бежанцаў, канцэпцыя нейтралітэту Лівана, міжрэлігійны дыялог і небяспечная няроўнасць паміж багатымі і беднымі.
 

10 лютага 2022, 11:05