Кардынал Чэрны: мы прарокі будучага, якое не будзе нашым
Ян Глінскі - Vatican News
Дабрачынная арганізацыя распачала сваё служэнне паўстагоддзя таму, несучы дапамогу пацярпелым ад вайны.
Нагодай для звароту іерарха сталі рэкалекцыі, у якіх удзельнічаюць прадстаўнікі “Карытас” і разважаюць на тэму “Разам у спрыянні культуры клопату і братэрства”.
Кардынал Чэрны параўнаў служэнне “Карытас” Камбоджы з працай сейбіта, якое ў будучыні прынясе свае плады. У сталенні, як адзначыў іерарх, прысутнічае радасць дазволу Богу ўвайсці ў нашае жыццё, што б не адбывалася. Жніво ж, як дадаў, сімвалізуе “новае чалавецтва”, якое мы хочам пабудаваць для справядлівага свету.
“За сваё жыццё, – адзначыў кардынал, – мы рэалізуем толькі малую частку цудаў, якія з'яўляюцца Божай справай. (…) Магчыма, мы ніколі не ўбачым канчатковыя вынікі; але ў гэтым і заключаецца розніца паміж галоўным архітэктарам і працаўніком. Мы працаўнікі, а не архітэктары, мы прарокі будучага, якое не будзе нашым”.
Нагадаўшы пра тое, што “Карытас” Камбоджы не дзейнічае ў адзіночку, але ў лучнасці з аднадумцамі з усяго свету, кардынал заклікаў выходзіць за межы “сумных гісторый, занадта частых дрэнных навін” і прыслухоўвацца да голасу бедных, які з’яўляецца “голасам Бога і гісторыяй найслабейшых”. “Бедныя, якім вы дапамагаеце, – адзначыў кардынал Чэрны, – крыніца заклапочанасці, але таксама і жыцця, крэатыўнасці і добрых навін. Выслухоўвайце іх і святкуйце добрую навіну”, – пажадаў часовы кіраўнік ватыканскай Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.