У Ватыкане падведзены першыя вынікі сінадальнага працэсу
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Першыя вынікі сінадальнага шляху, якім Касцёл пачаў ісці каля трох месяцаў таму, былі падведзены падчас пасяджэння Рады, якое праходзіла 27 студзеня 2022 года. У выніковым дакуменце сустрэчы падкрэсліваецца, што асаблівы энтузіязм зыходзіць ад свецкіх вернікаў і кансэкраваных асоб і выражаецца ў шматлікіх ініцыятывах, накіраваных на прасоўванне дыскусій і касцёльнага распазнання, што пацвярджаюць многія сведчанні, якія прыходзяць з розных частак свету ў Генеральны сакратарыят. “Яны з’яўляюцца не толькі прычынай надзеі, але таксама і знакам таго, што Святы Дух дзейнічае”, - гаворыцца ў ватыканскім паведамленні.
Адзначаецца, што сінадальны працэс прымаецца з радасцю і энтузіязмам у краінах Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Азіі. Асабліва было ацэнена прадаўжэнне фазы слухання Божага народу. Звяртаецца ўвага на экуменічны аспект сінадальнага шляху: “таксама з боку іншых хрысціянскіх супольнасцей назіраецца пэўны энтузіязм і жаданне зрабіць уклад на шляху, які распачаў Каталіцкі Касцёл”. Што тычыцца міжрэлігійнага вымярэння: яно мае месца ў краінах, дзе хрысціяне з’яўляюцца меншасцю.
Заўважаецца, што многія мясцовыя Касцёлы стварылі сайты і старонкі ў сацыяльных сетках, прысвечаныя Сіноду. У сваю чаргу Генеральны сакратарыят мае не толькі галоўны партал (www.synod.va), але таксама спецыяльны сайт, на якім збіраецца інфармацыя пра лакальныя ініцыятывы (www.synodresources.org), і сайт, прысвечаны малітве за Сінод (www.prayforthesynod.va).
У дакуменце канстатуецца страх і ўстрыманне ад сінадальнага працэсу з боку некаторых груп свецкіх вернікаў і духавенства; назіраецца пэўнага роду недавер свецкіх, выкліканы сумневамі адносна таго, што іх уклад будзе па-сапраўднаму ўзяты пад увагу.
Правядзенню сінадальных сустрэч з фізічным удзелам вернікаў перашкаджае актуальная эпідэмічная сітуацыя, аднак, “кансультацыі з Божым народам не могуць абмяжоўвацца простым анкетаваннем, бо сапраўдным выклікам сінадальнасці з’яўляецца ўзаемнае слуханне і супольнае распазнанне”, - гаворыцца ў паведамленні.
Звычайна Рада сфармулявала пяць выклікаў, якія стаяць перад Касцёлам на сінадальным шляху: 1) патрэба ў фармацыі, асабліва ў сферы слухання і распазнання, каб Сінод стаў сапраўдным духоўным працэсам і не зводзіўся да ўзроўню парламенцкіх дэбатаў; 2) пазбяганне самадастатковасці падчас сустрэч у групах, бо ўзаемнае слуханне, якое грунтуецца на малітве і слуханні Божага слова, не можа не весці да адкрытасці на іншых у святле абвяшчэння Евангелля. Сінадальны Касцёл – гэта місійны Касцёл, у якім кожны ахрышчаны адчувае сябе суадказным за місію Касцёла; 3) патрэба знайсці новыя магчымасці, каб палепшыць удзел моладзі; 4) уключэнне тых, хто жыве на ўскраінах касцёльных інстытуцый; 5) дэзарыентацыя, якая выражаецца з боку духавенства.
На завяршэнне дакумента адзначаецца, што Генеральны сакратарыят Сінода Біскупаў рыхтуе спецыяльную Заўвагу, адносна напісання “справаздач” дыяцэзіямі і епіскапатамі. У ёй “прапануецца ідэя, што стварэнне справаздачы павінна быць актам распазнання, можна сказаць плёнам духоўнага працэсу і каманднай працы”.