Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі спартыўны клуб ладзіць турнір па падэл-тэнісу

Ватыканскі спартыўны клуб Athletica Vaticana ладзіць турнір па падэл-тэнісу. Мерапрыемства пад назвай Fratelli tutti – Vatican Padel Cup стане першым афіцыйным спаборніцтвам клубнай секцыі гэтай дысцыпліны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арыенцірам для турніру з удзелам жанчын і мужчын, які пройдзе 2-3 красавіка 2022 года ў Остыі, прыморскім раёне Рыма, з’яўляецца энцыкліка Францішка Fratelli tutti. Гаворка ідзе пра братэрства, выражанае “народнай мовай спорту”.

Даход ад мерапрыемства накіруюць на дапамогу маленькім пацыентам ватыканскай амбулаторыі святой Марты. Там лечаць хворых дзяцей з бедных сем'яў, забяспечваючы іх не толькі медыкаментамі, але і прадметамі першай неабходнасці.

Падэл прапанаваў у 1969 годзе мексіканец Энрыке Канкуэра. Гульня распаўсюдзілася ў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы (напрыклад, у Аргентыне яна стала другім па папулярнасці спортам, з больш чым 2 мільёнамі гульцоў і 10 тысячамі гульнявых пляцовак). Першай еўрапейскай краінай, дзе прыжыўся падэл, стала Іспанія.

Ватыканская секцыя падэл-тэніса ўжо падала заяўку на допуск у міжнародную федэрацыю гэтай спартыўнай дысцыпліны.
 

21 лютага 2022, 10:54