Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Гуджэроці: сёння мы ўсе ўкраінцы

Былы нунцый ва Украіне і цяперашні прадстаўнік Папы ў Вялікабрытаніі, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці, прыняў удзел у мірнай дэманстрацыі супраць расійскай агрэсіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Ватыканскі дыпламат запэўніў у салідарнасці і блізкасці Святога Айца да ўкраінскага народа. “У гэтыя дні маё сэрца і малітвы скіраваны да вашай умілаванай айчыны. Кроў вашых братоў усклікае да неба як кроў Абэля. Сёння мы ўсе ўкраінцы”, - сказаў арцыбіскуп Гуджэроці.

Тысячы ўкраінцаў, якія пражываюць у Вялікабрытаніі сабраліся на Трафальгарскай плошчы ў Лондане. Сярод іх быў біскуп Кэнэт Новакоўскі, епарх Украінскай грэка-каталіцкай Царквы ў Вялікабрытаніі, разам з якім нунцый маліўся на ўкраінскай мове, як і іншыя рэлігійныя дзеячы і прадстаўнікі важнейшых украінскіх арганізацый у гэтай краіне.

“Мы молімся, каб Бог навярнуў тых, хто хоча вайны. Мы не згодныя з тым, што ў 2022 годзе чалавек павінен адносіцца да іншага, як у пячорныя часы”, - сказаў біскуп Новакоўскі.

Маліцца за Украіну заклікалі таксама біскупы Вялікабрытаніі. У сумесным звароце яны заахвоцілі католікаў трываць у малітве і пасціць, каб пакласці канец бессэнсоўнаму насіллю ва Украіне. У сваю чаргу архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі, Прымас Англіканскай Царквы, заклікаў брытанскі ўрад прыкласці ўсе намаганні на карысць украінскіх бежанцаў. Ён падзякаваў за прадаўжэнне тэрміну віз для ўкраінцаў з дванаццаці месяцаў да трох гадоў, але зазначыў, што ў актуальнай сітуацыі неабходна ўвесці бязвізавы рэжым, па прыкладзе Ірландыі, якая зрабіла так, нягледзячы на тое, што з’яўляецца невялікай краінай.
 

07 сакавіка 2022, 08:20