Базыліка святога Пятра рыхтуецца да Святога 2025 года
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Рэарганізацыя дзейнасці базылікі адбываецца ў сувязі з набліжэннем Святога 2025 года. Мяркуецца, што ватыканскую святыню наведаюць мільёны людзей, для якіх будзе прадугледжаны адмысловы прыём і суправаджэнне. Базыліка плануе стаць для наведвальнікаў сапраўдным санктуарыем, месцам духоўнага адпачынку, у якім можна спазнаць прымірэнне ад сустрэчы з Езусам, а таксама месцам малітвы аб пашырэнні на ўвесь свет Божага Валадарства справядлівасці і спакою, - распавёў у інтэрв’ю Vatican News кардынал Гамбэці.
Рэарганізацыя тычыцца некалькіх аспектаў. Першы – духоўны. Гаворка ідзе пра стварэнне належных умоў для таго, каб у базыліцы святога Пятра можна было заглыбіцца ў малітву і адарацыю. Другі аспект – касцёльны: ён тычыцца падкрэслівання пятровай духоўнасці, бо менавіта тут знаходзіцца магіла Князя Апосталаў. Нарэшце, трэці аспект – культурны: ён прадугледжвае стварэнне магчымасці для сузірання твораў сакральнага мастацтва, якія знаходзяцца ў ватыканскай святыні.
Кардынал Гамбэці расказаў, што на працягу трох гадоў падрыхтоўкі да Юбілею ў базыліцы святога Пятра будуць адбывацца тэматычныя мерапрыемствы, прысвечаныя блізкасці і клопату (2022), прымірэнню і ачышчэнню памяці (2023), палітычнай любові (2024). Нарэшце 2025 год будзе годам ўсеагульнага братэрства “пілігрымаў надзеі”. У базыліцы будуць праводзіцца адмысловыя малітоўныя сустрэчы, працэсіі, набажэнствы Крыжовага шляху, эўхарыстычныя адарацыі, будзе распавядацца пра жыццё Езуса і нараджэнне Касцёла са сведчаннем апостала Пятра.
Ватыканскі іерарх патлумачыў, што мэта рэарганізацыі заключаецца ў тым, каб даць усім магчымасць здзейсніць сапраўдную пілігрымку ў базыліку святога Пятра. Для гэтага распрацоўваюцца новыя спосабы прыняцця і суправаджэння пілігрымаў, якія павінны дапамагчы ім лепш пазнаёміцца са скарбамі базылікі і зразумець іх сэнс.
Напрыклад, уваход у святыню будзе аблегчаны для людзей, якія жадаюць прыступіць да сакрамэнтаў ці памаліцца ў санктуарыі. Асобныя маршруты будуць створаны для турыстаў, каб спрыяць іх сустрэчы з прыгажосцю і асабістаму натхненню, якое прыходзіць праз знаёмства з творамі мастацтва.
Кардынал Гамбэці распавёў, што базыліка святога Пятра павінна стаць больш гасцінным месцам, у сувязі з чым ствараецца яе новы сайт, а таксама спецыяльная служба, якая дапаможа пілігрымам прыбыць да магілы Князя Апосталаў. Базыліка павінна стаць таксама і больш бяспечным месцам, у сувязі з чым праводзіцца даследаванне яе сісмічнай устойлівасці, маніторынг стану аздабленняў, распрацоўка маршрутаў, за якімі будзе ажыццяўляцца належнае відэаназіранне.
Ватыканская святыня павінна стаць даступным месцам, для чаго будуць адкрыты для наведвання аб’ект раней недасяжныя для пілігрымаў і турыстаў, Нарэшце, яшчэ адзін аспект тычыцца экалагічнай і энергетычнай устойлівасці, Плануецца, што да 2025 года абслугоўванне базылікі не будзе наносіць ніякай шкоды навакольнаму асяроддзю.