Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Паралін: Папа шукае шляхі для спынення вайны ва Украіне

“Святы Айцец увесь час шукае шляхі для пераадолення цяперашняй драматычнай сітуацыі”, - адзначыў кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы.

Ян Глінскі - Vatican News

Каментуючы вайну ва Украіне ў інтэрв’ю іспанскаму каталіцкаму штотыднёвіку Vida Nueva, ватыканскі іерарх адзначыў, што Святы Пасад “спрабаваў умяшацца рознымі спосабамі і на розных узроўнях, яшчэ да таго як сітуацыя пераўтварылася ў актуальны драматычны сцэнарый”.

Пантыфік нястомна заклікаў да міру і канкрэтным чынам выказваў сваю блізкасць з украінскім народам, як асабіста, так і праз Апостальскага нунцыя ў Кіеве, а таксама праз мясцовых біскупаў. “Намаганні Папы, як на дыпламатычным узроўні, так і на духоўным, відавочныя”, - сцвердзіў кардынал Паралін.

Іерарх з разуменнем ставіцца да паставак зброі ва Украіну, спасылаючыся на “права абараняць сваё жыццё, свой народ і сваю айчыну”. У той жа час ён падкрэсліў, што прыярытэтам заўсёды павінен быць пошук шляхоў да дыялогу, “які прымушае зброю змоўкнуць і дазваляе пазбегнуць ядзернай эскалацыі”.

Адказваючы на пытанне пра заявы Расіі, адносна адчування небяспекі ў сувязі з пашырэннем прысутнасці НАТА і Еўрапейскага Саюза ва Усходняй Еўропе, кардынал Паралін нагадаў пра права кожнай краіны ў поўнай аўтаноміі прымаць уласныя знешнепалітычныя рашэнні. На яго думку, галоўнай праблемай з’яўляецца не столькі пашырэнне НАТА ці ЕС, колькі існуючыя супярэчнасці паміж дзяржавамі.

Дзяржсакратар патлумачыў, што візіт Францішка да пасла Расіі пры Апостальскай Сталіцы адразу пасля распачацця вайны быў “моцным і важным жэстам”. “Праз гэтую нештодзённую ініцыятыву Папа хацеў асабіста выказаць сваю глыбокую занепакоенасць тым, што адбылося ва Украіне. Мы ўпэўнены: тое, што ён сказаў паслу, неадкладна было перададзена прэзідэнту Пуціну, з надзеяй, што папскі заклік да спынення ўзброенага канфлікту і да дыялогу не быў дарэмным, але можа прынесці канкрэтныя вынікі для вяртання міру”, - адзначыў кардынал Паралін, запэўніваючы, што Пантыфік увесь час шукае шляхі для спынення вайны Расіі супраць Украіны.
 

19 сакавіка 2022, 09:17