Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа да ватыканскіх медыкаў: дзякуй за клопат пра дзяцей з Украіны

Францішак скіраваў кароткае пасланне дырэктару Папскага педыятрычнага шпіталя Bambino Gesù Марыэле Энак, выказваючы падзяку за аказанне дапамогі параненым дзецям з Украіны.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Дзякую за ваша служэнне, міласэрнасць і любоў да ўкраінскіх дзяцей, якія пацярпелі. Я побач з вамі”, - напісаў Святы Айцец.

У ватыканскую клініка прыбыло 50 дзяцей з ахопленай вайной Украіны. 18 з іх былі шпіталізаваны, 4 дзяўчынкі былі дастаўлены цяжка пакалечанымі.

Прафесар Марыё Дзама, загадчык Аддзялення пластычнай і сківічна-тварнай хірургіі, распавёў Vatican News, што ў мінулым меў досвед дапамогі ахвярам вайны: савецкага ўварвання ў Афганістан, вайны ў былой Югаславіі, генацыда ў Руандзе.

“Я спадзяваўся на тое, што больш не павінен буду бачыць такія сітуацыі, але вось мы ў чарговы раз маем справу з тымі самымі праблемамі толькі ў зусім іншым грамадска-палітычным кантэксце”, - з жалем сказаў ватыканскі лекар, падкрэсліваючы, што вайне не можа быць ніякага апраўдання.
 

19 сакавіка 2022, 12:53