Рэформа Рымскай курыі: Дыкастэрыі замест Кангрэгацый
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Падчас прэзентацыі новай Апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium, якая прайшла 21 сакавіка 2022 года ў Ватыкане, іерарх нагадаў, што тэрмін “Кангрэгацыя” ў якасці назвы структур Рымскай курыі быў замацаваны папам Сікстам V у 1588 годзе ў Апостальскай канстытуцыі Immensa aeterni Dei. Гаворка ішла пра Sacrae Congregationes Cardinalium – Святыя Кардынальскія Кангрэгацыі, бо прадугледжвалася, што ўзначальваць іх змогуць выключна кардыналы.
Цяпер сітуацыя змяняецца: згодна з новай Апостальскай канстытуцыяй замест Кангрэгацый будуць Дыкастэрыі. Гэта звязана з тым, што кіраваць імі цяпер змогуць не толькі кардыналы, але ўсе ахрышчаныя: прадстаўнікі духавенства, кансэкраванага жыцця, свецкія вернікі.
Кардынал Сэмерара падкрэсліў, што тэрмін “Дыкастэрыя” часта ўжываўся ў ранейшых ватыканскіх заканадаўчых тэкстах, але заўсёды меў агульны характар. Напрыклад, у Апостальскай канстытуцыі Паўла VI Regimini Ecclesiae Universae гаварылася, што да дыкастэрый адносяцца “Святыя Кангрэгацыі, Трыбуналы і структуры, у дадатак да Сакратарыятаў, створаных па паважлівых і сур’ёзных прычынах”. У Апостальскай канстытуцыі Яна Паўла ІІ Pastor Bonus, у сваю чаргу, сцвярджалася: “пад назвай “дыкастэрыя” разумеюцца: Дзяржаўны сакратарыят, Кангрэгацыі і Трыбуналы, Рады і структуры, такія як Апостальская палата, Адміністрацыя маёмасці Апостальскай Сталіцы, Прэфектура па эканамічных пытаннях Святога Пасаду”.
У Апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium “Дыкастэрыя” больш не з’яўляецца агульным тэрмінам, але назвай выключна шаснаццаці структур Рымскай курыі, дакладныя кампетэнцыі якіх акрэслены ў гэтым дакуменце.